Урок 7. Чалавек і свет
Усё жыццё чалавек праводзiць сярод iншых людзей, у супрацоўнiцтве з iмi. Чалавек i прырода, чалавек i яго здароўе, чалавек i людзi навокал… «Вясёлка» дапамагае пашыраць кругагляд чытачоў i заахвочвае iх назiральнасць, цiкаўнасць i глыбокiя веды пра навакольнае асяроддзе. Для гэтага трэба не прапусцiць вершы, казкi, апавяданнi пра жывёльны i раслiнны свет, арганiзм чалавека, жыццё ў грамадстве i дапамагчы дзецям адчуць iх мастацкую i агульначалавечую вартасць.
Уладзiмiр Лiпскi «Загадкавы чалавечак. Маленькая аповесць пра вялiкiя тайны» (урывак)
Як Антонiк-Понiк маляваў чалавечка
Антонiк-Понiк чырвоным алоўкам намаляваў кружок.
Галава!
У кружку паставiў дзве кропкi.
Вочы!
Нiжэй кропак – маленькi кружочак…
Нос!
Пад iм – кароткую рыску.
Рот!
З двух бакоў кружка – кручкi.
Вушы!
Зверху кружка – iголкi. Валасы!
Знiзу – палачку.
Шыя!
Пад ёй – новы кружок.
Жывот!
З бакоў – вiлы.
Рукi!
Унiзе – два кiёчкi.
Ногi!
Каго намаляваў Антонiк-Понiк?
Чалавечка!
Мова жэстаў
Антонiк-Понiк разам з дзедам асвойвае беларускую мову, а з ёй i мову жэстаў. Адгадайце, пра што жэсты Антонiка-Понiка?
- Калi мама iдзе на працу, ён махае ёй рукой.
- Калi яму нешта падабаецца, ён падымае ўгору вялiкi палец.
- Калi сумняваецца, пацiскае плячыма.
- Калi сустрэне салдата, прыкладвае далоньку да скронi.
- Калi ў дзетсадзе хоча што-небудзь спытаць у выхавальнiцы, падымае над галавой руку.
- Калi мама кладзе меншую сястрычку спаць, бяжыць да бацькi i прыстаўляе ўказальны палец да губ.
- Калi нешта вельмi падабаецца, пляскае ў далонi…
Кожны з вас, сябры, карыстаецца мовай жэстаў. А можа, яна ў вас не такая, як у Антонiка-Понiка?
Разам з аўтарам, Уладзiмiрам Лiпскiм, i яго героем Антонiкам-Понiкам чытачы ў прыдумках i гульнях, пройдуць кароткi курс анатомii чалавека. А кожны раздзел гэтага незвычайнага «курса» заканчваецца заданнем, выкананне якога папаўняе моўны запас, развiвае кемлiвасць, вучыць вобразна глядзець на будзённыя з’явы i рэчы ў жыццi. Шмат вершаў, казак, апавяданняў знойдуць дзецi, рыхтуючыся да ўрокаў па курсе «Чалавек i свет» на старонках «Вясёлкi».