Міхась ДАНІЛЕНКА «ГАНАРОВАЯ СТУЖКА»
Ганаровая стужка
Петрык Макарчыкаў жыве ў Холмечы. Холмеч – прыгожы, зялёны аграгарадок на беразе Дняпра. Часам з бацькам, калі паступова пусцеюць палі і тата не працуе на сваім камбайне, хлопчык нават ходзіць на рыбалку.
– Праўда, прыгожы ў нас гарадок? – часам пытаецца Петрык у бацькі.
– Праўда. Дзе ты бачыў такі круты бераг, як у Холмечы? А садоў колькі! Ды і пра гаспадарку нашу часта па радыё расказваюць і па тэлевізары паказваюць.
Петрык аднойчы па тэлевізары сам бачыў, як на чарговых дажынках яго татку павязалі прыгожую стужку, як лепшаму камбайнеру, і ўзнагародзілі легкавым аўтамабілем. Вунь ён у гаражы стаіць.
Петрык з бацькам два разы ездзілі ў Гомель. Там пабывалі ў цырку, гулялі ў прыгожым парку над Сожам. Бацька паабяцаў у наступным годзе звазіць Петрыка з маці паглядзець возера Нарач.
– Яго ж называюць беларускім морам, – патлумачыў бацька. – Вось адрамантую свой камбайн, пастаўлю адпачываць да наступнага жніва – і адправімся. Можа, і на Браслаўскіх азёрах пабываем.
Не церпіцца Петрыку дачакацца той чарговай восені. Часта ён адчыняе шафу. Там каля святочнага татавага касцюма вісіць і ганаровая стужка з надпісам “Пераможца жніва”. Аднойчы хлопчык стаў на дыбачкі, зняў стужку і прымерыў цераз плячо. Велікаватая яна яшчэ для яго: ледзь не да пятак дастае.
– Нічога, – супакоіў бацька. – Абавязкова дарасцеш да маіх гадоў і да камбайна. За штурвал сядзеш.
– Сяду, – паабяцаў Петрык. – І мяне ўзнагародзяць вось такой жа стужкай.