«Жэнька – каралева мышак» Валерый Гапееў
Валерый Гапееў
Жэнька – каралева мышак
Урывак з аповесці
Увосень мы ехалі на аўтамабілі да бабулі ў вёску. Дарога была прыгожая-прыгожая: шэрая стужка шашы, а абапал яе – жоўта-залатыя, чырвоныя, аранжавыя – розныя-розныя дрэвы! Быццам гэта не дарога была, а сапраўдны тунэль восені, па якім яна прыйшла да нас.
Ехалі мы да бабулі, каб ёй дапамагчы выкапаць буракі. Буракамі бабуля корміць парасят, а таксама іх любіць каза Бенька.
Мы апрануліся ў рабочую вопратку, на рукі нацягнулі рукавіцы і пайшлі ў агарод. Я падносіла буракі да бабулі, а яна абтрасала з іх зямлю і абразала бацвінне. Мама і тата рабілі гэту справу самастойна.
Было хоць і не дужа цёпла, затое сонечна-сонечна. Неба было чыстым, сінім і высокім. Куча буракоў змяншалася. Тут мама як закрычыць:
– Мыш! Мыш! – і хутчэй ад кучы.
А я падбегла да таго месца, дзе стаяла мама. Бо чаго баяцца мышы, калі яна маленькая і сама ўсіх баіцца? Дзіўная ў мяне мама.
– Няма ўжо мышы, схавалася ў бураках, – супакоіў тата.
Але мама папярэдзіла, што не падыдзе блізка, бо мыш можа скочыць на руку. І прапанавала тату падаваць ёй буракі здалёк.
Цяпер ураджай з кучы мы бралі толькі з татам. Праз колькі часу ён падняў вялікі бурак і кажа:
– Гняздо. З мышанятамі.
Там і праўда было гняздо з сухой травы і саломінак. Мышаняты здаліся мне маленькімі і прыгожанькімі. Цёмна-рудыя, з чорнай пасачкай на спінках. Яны напужаліся, сталі распаўзацца і хавацца.
– Вой, трэба іх палавіць, – сказала мама. – Кошцы аддасі, яна будзе задаволена.
– Нельга іх кошцы! – закрычала я. – Маленькія ж зусім!
– А вырастуць вялікімі і будуць жэрці бабуліны буракі. Паглядзі, як пагрызлі, – мама паказала абгрызены бурак. Потым падышла да гнязда, угледзелася і сказала: – Вой, такія маленькія, пацешныя… Як ты іх бароніш! Нездарма ты была некалі мышынай каралевай.
– Падумаеш, адзін бурак! У бабулі шмат, праўда ж, бабуля? – з надзеяй запыталася і прысела над мышкамі я.
– Праўда, унучачка, – адказала бабуля і дадала: – Маленькае ўсё добрае і прыгожае.
– Толькі дзіўна, чаму сярод дарослых хапае зла, – уздыхнула мама. – Жэнька, не чапай мышэй рукамі, яны разносяць інфекцыю!
– У мяне рукавіцы, – адказала я, асцярожна кранаючы адно мышаня.
Тата, пакуль мы гаварылі, узяў пустую пластыкавую бутэльку, абрэзаў яе зверху, а потым асцярожна падхапіў адно мышаня і пасадзіў у бутэльку. Я таксама асмелілася і схапіла за хвосцік другое. Так мы сабралі ўсіх.
Я трымала абрэзаную бутэльку, разглядала мышанят, потым спытала ў бабулі:
– Бабуля, а чаму маленькія ўсе прыгожыя і добрыя, а як вырастаюць, то робяцца злымі і сквапнымі?
Бабуля прыпынілася, адклала нож убок.
– То, унучачка, чорт вінаваты, – стала расказваць яна. – Некалі пасяліліся людзі на зямлі розныя: добрыя, злыя, зайздросныя, хцівыя, сціплыя. Спусціўся на зямлю Бог, пазбавіў людзей дрэннага, склаў у мяшок грахі чалавечыя і пайшоў. Ды прытаміўся, бо мяшок цяжкі аказаўся. Задрамаў пад бярозай. А тут ішоў чорт. Бачыць, што Бог спіць, узяў мяшок і зрабіў у ім дзірку. Прачнуўся Бог і рушыў у дарогу, не пабачыўшы, што мяшок дзіравы. Вось зло і рассыпалася. Калі чалавек сустрэне на сваім шляху зайздрасць і падбярэ яе – стане зайздросным, нахіліцца за сквапнасцю – стане сквапным…
Тут і буракі скончыліся. А дарослую мыш, маці мышанятак, мы больш не пабачылі.
– Павязем мышанят у новую “кватэру”, – сказаў тата. – Пайшлі, Жэнька, у лес. Нясі маленькіх…
І мы пайшлі з татам і мамай у невялікі лясок за бабуліным агародам. Там пад бярозай тата паклаў мышынае гняздо, я нахіліла бутэльку і мышаняты смешна заслізгалі ў сваё жытло, якое тата асцярожна прыкрыў лісцем.
– А іх знойдзе тут мама-мыш? – спытала я.
– Думаю, знойдзе. Ды яны і не маленькія, адшукаюць сабе якое зерне з’есці, – супакоіў мяне тата.
– Мама, а ў якой кніжцы ёсць тая казка, што бабуля расказвала – пра Бога і чорта, ды пра мяшок са злом? – пацікавілася я.
– Не сустракала такой, дачушка. Старыя людзі ведаюць шмат казак, не ўсе яшчэ паспелі запісаць у кнігі. Хіба бабуля незразумела расказала?
– Яна расказала добра, – уздыхнула я. – Я цяпер ведаю, што можна і зайздрасць сустрэць, і падман… А можа, бабуля забылася трошкі? Там жа, у казцы, павінна быць напісана, як здагадацца, што можна з зямлі падымаць, а што – не трэба. Што рабіць?
– Гэта табе сэрцайка падкажа, – засмяялася мама і пацалавала мяне.
Як можа сэрца падказаць, калі яно толькі б’ецца ў грудзях і нічога не гаворыць, я не зразумела. Але вырашыла: потым спытаю. Калі маё сэрца раптам загаворыць…