Як кнігі дзяўчынку выхавалі
Бацькі часта куплялі Тані кнігі. Але дзяўчынка не берагла іх. Размалёўвала старонкі, загінала лісты, нават выдзірала.
Аднойчы Таня атрымала ў школе новыя падручнікі. Прыйшла дадому. Шпурнула партфель у кут і адразу пра яго забылася.
Уначы новыя кнігі ніяк не маглі заснуць: перажывалі, што ў іх такая неахайная гаспадыня. Нечакана загаварыла вялікая абшарпаная кніга, якую Тані падаравалі летась:
– Як мне вас шкада! Сёння вы такія прыгожыя, акуратныя, але неўзабаве будзеце такімі ж бруднымі ды падранымі, як і я… Мабыць, думаеце, што я старая? Гэта не так. Таня зрабіла мяне такой.
– Дык што ж рабіць? Як быць?
Нечакана загаварыў Буквар:
– А зробім вось што. Калі Таня разгорне кніжку, няхай усе літары пачнуць скакаць з месца на месца. Тады яна ніводнага слова не прачытае.
На тым і дамовіліся.
На наступны дзень дзяўчынка схапіла партфель, закінула ў яго падручнікі і пабегла ў школу. У класе Таня дастала кнігу і пачала абмалёўваць літары, падмалёўваць вусы на партрэтах… Распачаўся ўрок. Вучні разам з настаўніцай сталі чытаць. Таня таксама намагалася, але не бачыла літар.
– Чаму ты не чытаеш? – спытала настаўніца.
– Я не ведаю, што з маёй кнігай. Літары не хочуць, каб я іх чытала… Можа, кніга захварэла?
Нечакана пачуўся голас Буквара:
– Вядома, можна захварэць, калі цябе псуюць, размалёўваюць, не берагуць.
Ледзь дачакалася Таня заканчэння ўрокаў. Прыбегла дадому заплаканая, усхваляваная… Глытаючы слёзы, апавяла маці пра свае непрыемнасці.
– Дачушка, мы ж з татам табе казалі, што кніга – вялікі скарб, яго трэба берагчы. Не дарэмна ж народная мудрасць гаворыць: “Кніга маўчыць, а ўвесь свет вучыць”. Давай зараз прывядзём да ладу ўсе твае кнігі.
Маці з дачкой пачалі “лячыць” падручнікі – падклейвалі, абгортвалі, рабілі закладкі, сціралі надпісы ды малюнкі, зробленыя Таняй. Неўзабаве літары перасталі скакаць па старонцы, а стаялі роўнымі радамі.
Цяпер Таня добра ведала, што нельга браць кнігу бруднымі рукамі, загінаць куточкі старонак, слініць пальцы, калі іх перагортваеш…
Старыя і новыя Таніны кнігі пасябравалі. Яны размясціліся поруч на паліцах і заўсёды чакалі сустрэчы са сваёй гаспадыняй.
Міхась Сліва