Натхнёныя рыбы
Колькі зорак можна пабачыць на небе? Без бінокля і тэлескопа каля 5 тысяч. Усяго зорак на небе не меней вось такой лічбы: 1 000 000 000 000 000 000 000 000. Гэта – трыльён трыльёнаў. А колькі зорак сярод людзей? На гэтае пытанне ніхто не дасць адказу. Але ёсць чалавек, які стаўся зоркай на Зямлі, бо ён першы паляцеў у Космас. Ягонае імя і прозвішча ведаюць усе – Юрый Гагарын. Ён нарадзіўся 9 сакавіка і, значыць, паводле гараскопа – Рыбы.
Да гэтага знака адносяцца людзі, якія нарадзіліся з 20 лютага па 20 сакавіка. Рыбы – знак парны і пазначаецца дзвюма рыбінамі, якія плывуць у розных кірунках, але знітаваныя адной стужкай. З Рыбамі мы праводзім зіму і сустракаем вясну. Дэвіз Рыб – “я веру”. Яны натхнёныя, дабрадушныя, высакародныя, гордыя, спакойныя, цярплівыя, праніклівыя. Рыбы любяць прыроду, яны схільныя да незвычайнага, любяць жыць марамі, у іх багатае ўяўленне.
Хто ж будзе сумнявацца, што з Рыб атрымліваюцца найлепшыя мараплаўцы ды рыбаловы?! Але ж Рыбы таксама добрыя дактары, педагогі, выхавацелі, музыкі, скульптары. Народныя паэты Беларусі Кандрат Крапіва і Рыгор Барадулін – Рыбы. Апрача твораў для дзяцей і дарослых, у іх шмат зборнікаў сатыры і гумару. І гэта невыпадкова, бо наймацнейшая зброя Рыб – смех. Яны – сапраўдная энцыклапедыя гумару. Байкі Кандрата Крапівы ведаюць усе беларусы. Ён любіў лавіць рыбу з дзецьмі і ўнукамі. Для малых ён напісаў сваю апошнюю кнігу “Загадкі дзеда Кандрата”.
Рыбамі была і галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” ў 1974–1976 гадах паэтка Еўдакія Лось. Яна нарадзілася першага сакавіка і сваю першую кнігу назвала “Сакавік”. У сваіх радках Еўдакія Лось выказала сутнасць Рыб: “У кожным імгненні паэзія ёсць, У кожным здзяйсненні — яе прыгажосць”.
І нават калі Рыбы пішуць прозу, у ёй ёсць паэзія. Пачытайце “Эрпіды на планеце Зямля” Паўла Місько. Не толькі людзі лятаюць у Космас. На Зямлю ў касмічным караблі прыляцелі робаты-разведчыкі, якія называюць сябе Эрпідамі. Іх цікавяць людзі – і Рыбы, і тыя, хто іх любіць.
І Космас, і Зямля для Рыб хай вечна будзе,
Хай любяць шчыра іх у Беларусі людзі.
Няхай жыццё заўжды плыве ракой імклівай
І радуе вясна вясёлкаю шчаслівай.
Аксана Спрынчан