Максім Багдановіч — Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык
Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
I «таўкачыкі» спяваюць i y скокі тнуцца:
«Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы…»
A Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,
Камарок за камарочкам да яго шыбае,
I пясняр з усіх найлепшых ўжо звініць ля вуха,
Як камарыка няўмысне загубіла муха.
І
Захісталася сасонка баравая,
Затужыла дзяўчынанька маладая,
Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,
A па імені — мушка-зелянушка:
«Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,
Што мяне i не сваталі ніколі?
A пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю i да краю,
Шчэлка ў яблыні — пры ветры каб хавацца,
Лісць альховы — на ночку пакрывацца,
Ды да краю поўны мёдам кацялішча
3 жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.
Калі гэты мёд у місачку кладзецца,
Ажно сліна ў роце набярэцца».
Як пачуў тыя жаласці камарык –
Паскрабаў i насочак ён i тварык:
«А чаму бы мне ды з ёй не пажаніцца?
Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.
Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,
Дык у скоках затое жа рухавы…»
I схапіўся камарочак прыбірацца,
Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.
ІІ
Прыляцела мушка дахаты, —
Аж у яе камарык насаты.
Сватоўя-хрушчы уссядаюць,
3 бацькам-маткай штось размаўляюць:
«Мы — стральцы, шукаем куніцу,
He куніцу, але дзявіцу».
Гаманілі болей гадзіны
Ды гавораць так да дзяўчыны:
«Ці да смаку госць наш багаты?»
«Запытайце ў мамы i таты».
Тут гарэлкай усё змацавалі,
A пасля i заручын даждалі.
Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны
Дарагі ручнік з павучыны,
Што яна на траўцы сцяліла
I на ясным сонцы бяліла.
У нядзелю будзе вяселле.
Захадзіў камар, як з пахмелля, —
I пяе, i скача паціху,
Ды як сыпне ураз «шырсцяніху»:
«Шырсцяніха, шырсцяніха мая.
Пакахала камара-гультая.
A камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песні пяе».
ІІІ
Загудзела, расшумелася дубрава:
Аб вяселлі у дубраве стала слава.
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.
A калі бацькам журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна:
«Ускланяюся татачцы i матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.
І чаму ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?»
Ў каравайніцы вулітак запрасілі,
I яны дзяжу на продзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкай
Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылі — баяры, пчолачкі — баяркі —
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
A найстарэйшая баярачка-чмяліха
Так спявала, аж баяр пабрала ліха:
«Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць не шмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае — грыўняй ліча яе,
A хто грыўню паклаў — што рубля дараваў».
A як сыпнулі-урэзалі музыкі,
Дык узняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
A на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.
I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,
Што званіў-такі не кепска у цымбалы.
Лоўка конікі у скоках выціналі,
У гару стрыбалі, звонка падпявалі:
«Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногі лоўгія —
Паламаюцца».
Гэтак скачуць — хто патроху, хто памногу.
Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.
Госці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць.
A музыкі граюць, дыхту заўдаваюць
Ўмела муха на вяселле запрашаці,
Ды над тое лепей ўмела частаваці,
Усяго стаяла досыць для гасціны:
Нават мёд быў i чмяліны i пчаліны.
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.
Восы ў шатах чорных з жоўтымі стракамі
Проста елі мушку злоснымі вачамі.
A яна ля мужа скромненька сядзела
I зялёненькай спаднічкай зіхацела.
Мураўёўна нізка звесіла галоўку,
Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.
Ўсё сцямнела, кроплі шпарка застукалі,
У дупло, дзе мушка жыла, пападалі.
Пахаваліся ўсе госці у куточкі:
Так спынілася вяселле сярод ночкі.
A назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зрання,
Дык пайшлі да камара на баляванне.
I былі яшчэ нарэшце перазовы,
Каб не стала аб радзіне кепскай мовы.
IV
Абляцелі кветачкі
He ў пару.
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
3 мушкан жыць
Давялося беднаму
Патужыць.
He умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
«Як я з гэтай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацікі,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?»
Паляцеў ён плакацца
У лясок,
Сеў на дуб зялёненькі
Пад лісток.
Пахіліў галовачку,
Уздыхнуў,
Песню сумна, жудасна
Зацягнуў:
«Выйду ў поле ды разважу тое гора,
Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я смерць сваю спаткаю:
Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабіты
I да краю буйным дожджыкам наліты?»
V
«Што за шум у бары учыніўся?»
«А камарык там з дуба зваліўся.»
Грымнуў ён на зямлю з высакосці
I пабіў-паламаў сабе косці.
Цеслі дошкі з дубоў пілавалі,
Габлявалі, труну змайстравалі,
Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,
Йстужкай чорнай з краёў адтачылі.
Гэй, кладуць камара ў дамавіну,
Сазываюць сяброў i радзіну.
Камары над труной затрубілі
Светлячкі лепей зорак свяцілі.
«Вы паціху, музыкі, зайграйце,
Маё сэрца украй не ўражайце!»
Горка мушка-ўдава галасіла,
Скорай смерці у бога прасіла:
«Мой мужочак, a мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, ніхто над табой не заплача,
Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,
Толькі мушачка горкімі слязамі».
Палажылі дамоўку на мары,
Паняслі праз лугі ды папары.
Ля дарогі магілу капалі
I y ёй камара пахавалі,
У сырую зямельку зарылі,
Зверху насып вялікі зрабілі.
Людзі добрыя шляхам мінаюць,
Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:
«He іначай вяльможны вандроўнік, —
Генерал. ці маёр, ці палкоўнік?»
«He, ляжыць тут камар-камарочак,
У каторага з локаць насочак».
1915
Эээээ
Класс очень круто
класс