Среда, 11.01.2012 11:02. Рубрика:
Казкі
1. Брат і сястра
Жылі-былі брат і сястра. Брат быў ружовашчокі, а сястра, наадварот, — смуглявая. У брата было толькі адно сонейка, а ў сястры —
месяц рагаты і тысячы зорак.
Жылі яны спачатку дружна, а потым пасварыліся. Сястра ўсё пасмейвалася з брата:
— Што ты з адным сонейкам гуляеш? Вось у мяне, бачыш, колькі зорак! З імі гуляць куды цікавей.
Маўчаў брат.
— Я згодна памяняцца з табою. Вазьмі мае зоркі, а мне сонца аддай.
— Не, сястрыца, сонейка для мяне мілей!
Пасварыліся брат з сястрою і перасталі сустракацца. Прыйдзе брат і сонейка з сабою прывядзе, а сястра ўцячэ, схаваецца. Чакае, пакуль брату не захочацца адпачыць.
Заўважыла сястра: як толькі яна прыходзіць, людзі адразу працу кідаюць, спаць кладуцца. Крыўдна ёй стала.
— Чаму ты не працуеш, калі я прыходжу? — спытала яна ў аднаго Чалавека.
— Я добра папрацаваў, пакуль твой брат быў. Зараз адпачыць трэба.
Яшчэ больш крыўдна стала сястры:
— Дык, можа, мне зусім не прыходзіць?
— Не, чаму ж! Хіба змог бы я столькі зрабіць, каб не адпачываў? — адказаў Чалавек і папрасіў: — Вы, калі ласка, заўсёды прыходзьце, толькі паасобку.
Хто з вас, дзеці, здагадаўся, як завуць брата і сястру?
2. Сустрэча ў навагоднюю ноч
Апоўначы, як толькі на гарадской вежы сталі званіць куранты, з дома выйшаў дзяцюк у белым кажушку і пачаў запрагаць дванаццаць коней. Брычка была незвычайная: адно кола — белае, другое — зялёнае, трэцяе — чырвонае, чацвёртае — залацістае, а ў колах 365 спіцаў.
— Куды едзеш? — спыталіся ў дзецюка.
— На сустрэчу з братам, які з’явіцца праз год, — адказаў вазніца.
Брычка мчалася па палях і лугах, штодзень губляючы спіцы. Потым у дарозе згубіўся адзін конь, другі, а потым — і кола. А брычка ўсё ехала і ехала. За гэты час вазніца падрастаў, мяняўся.
Калі ж на наступны Новы год зноў пачалі біць вежавыя куранты, усё раптам знікла: і спіцы, і колы, і коні, а вазніца быў ужо немалады вусаты чалавек.
Да яго выйшаў зусім яшчэ юны дзяцюк, і яны абняліся.
— Што мне рабіць, брат? — запытаў маладзенькі.
— Запрагай коней і едзь на сустрэчу з тым братам, якога яшчэ няма.
— А як яго я пазнаю?
— Ён сам цябе знойдзе, — сказаў старэйшы і знік, быццам праваліўся ў снежны сумёт.
І дзяцюк стаў запрагаць коней…
Якія браты сустракаюцца адзін раз і толькі ў навагоднюю ноч?
3. Лясная госця
Набліжаўся Новы год. У клас, дзе вучыліся дзеці, нехта моцна пастукаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі адарваліся ад падручнікаў, глянулі ў акно і ўбачылі лясную госцю.
— Ёй холадна, — жаласліва сказала дзяўчынка з вялікім блакітным бантам.
— Давайце паклічам яе ў клас! — прапанаваў хлопчык.
— Не, — сказала настаўніца, — у класе ёй будзе цесна. Давайце лепей запросім яе ў школьную залу.
Абагрэўшыся ў цяпле, лясная госця засумавала без сяброўкі-бярозы, без рабіны ў чырвоных каралях, якія раслі непадалёку.
— Давайце ўпрыгожым яе! — падказала настаўніца.
Дзеці павесілі цацкі, цукеркі, яблыкі, а наверсе зорку прымацавалі. А госці ўсё роўна не радасна.
— Да мяне прыбягалі заяц, вавёрка, ліса, а зараз нікога няма…
— Будуць табе і звяркі, — паабяцалі дзеці.
Яны зрабілі маскі зайца, вавёркі, лісіцы, мядзведзя. А калі на свята прыйшлі Дзед Мароз і Снягурка, калі ўсе сталі вадзіць карагод, зусім развесялілася лясная госця, і вырашыла яна кожны раз прыходзіць да дзяцей пад Новы год.
Хто хутчэй адкажа: як завуць лясную госцю?