Юны псіхолаг
Жэня цэлы дзень ганяў з сябрамі мяч, а ўвечары сеў чытаць прыгодніцкую кнігу. Да ночы не мог адарвацца – такая яна цікавая.
Раніцай вельмі хацелася спаць. А тут, як знарок, суседка Валянціна Пятроўна папрасіла, каб пабыў з яе чатырохгадовым сынам Толікам. Ёй трэба было схадзіць на пошту, забраць пасылку. Жэня згадзіўся.
Толік не хацеў адпускаць маці, плакаў. Валянціна Пятроўна пачала яго суцяшаць, абяцала прынесці цукерак. Але хлопчыка гэта не супакоіла. Ён расплакаўся яшчэ мацней.
Тады Жэня сказаў:
– Плач, Толік, плач. Мне нават падабаецца, як ты плачаш. Плач, а я буду слухаць!
Хлопчык нібыта не чуў дзіўнай просьбы. А Жэня заахвочваў:
– Калі ласка, Толічак, плач, плач! У цябе гэта добра атрымліваецца – ніхто ў нашым доме не ўмее так прыгожа плакаць.
Толік на момант сцішыўся. Жэня працягваў:
– Ты зараз паплач – я паслухаю, пасля ты крыху адпачнеш – я пасплю. А затым зноў паплачаш. І ўсё ў нас будзе цудоўна!..
Толік выцер слёзы, усміхнуўся і зусім супакоіўся.
Яны так захапіліся гульнёй, што не заўважылі нават, калі Валянціна Пятроўна вярнулася з пошты.
Міхась СЛІВА
Надо взять на заметку