Калыханка-небылічка
Ну й гульню сабе прыдумаў:
Асядлаў я ранкам кошку.
На чацвёрцы ног кашачых
Я дагнаў сараканожку.
І дачка з мяне смяецца,
Бо такога даў я дзёру –
І не згледзеў, апынуўся
Дзесь на ўзлеску, каля бору.
А за мной каза нясецца.
Ой, баюся, забадае.
– Ах, які ён палахлівец! –
Страказа з мяне смяецца.
Тут з’явілася карова
І расплакалася горка,
Кажа, што ў гумно сягоння
Шустра шуснула вавёрка.
З’ела сена і салому,
Не пакінула нічога,
Ды шпурнула мне шкарлупку
Ад арэха баравога…
Вось і ўсё, стаміўся жарт мой,
Закрывае сон павекі…
І не певень заўтра – качар
Будзе ранкам кукарэкаць.
З курдскай мовы
пераклаў Казімір Камейша.
У гэтым месяцы пісьменніку Ганаду Чарказяну споўнілася 65 гадоў. Віншуем юбіляра! Жадаем здароўя, новых цікавых сустрэч з юнымі чытачамі на старонках “Вясёлкі”.