Вася Вясёлкін запрашае ў Латвію
Вася Вясёлкін запрашае ў Латвію
Латвійская Рэспубліка – дзяржава ў паўночнай Еўропе. Мяжуе з Літвой, Беларуссю, Расіяй, Эстоніяй. Агульная плошча краіны больш за 64 квадратныя кіламетры. У Латвіі – дванаццаць тысяч рэк. Галоўная з іх – Даўгава (Заходняя Дзвіна). Самае глыбокае возера – Дрызда (61,1 метр). Буйнейшыя гарады: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Елгава, Юрмала. У 1960 годзе нацыянальнай птушкай Латвіі была аб’яўлена белая сітаўка. Сімвалам краіны з’яўляецца журавель. Клін з дзевяці журавоў упрыгожвае латышскі пашпарт. Нацыянальным сімвалам лічаць таксама дзікі рамонак, нацыянальным насякомым – двухкропачную багоўку, нацыянальнымі дрэвамі – ліпу і дуб. У латвійскіх лясах водзяцца алені, зайцы, казулі, дзікія кабаны, чорныя жураўлі. Сталіца – горад Рыга, грошы – латы.
Рыга
У 1201 годзе ў вусці Даўгавы нямецкі святар Албэрт заснаваў горад. Выгаднае размяшчэнне зрабіла Рыгу адным з галоўных гандлёвых гарадоў на ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора. Горад захаваў свой гістарычны выгляд. Сярод маляўнічых домікаў, старажытных цэркваў і манастыроў, вежаў з вострымі шпілямі прагульваліся Шэрлак Холмс са сваім сябрам Ватсанам, легендарны Штырліц, рыцар Айвенга – героі мастацкіх кінафільмаў, якія здымаліся тут, у Рызе.
Юрмала
За 14 кіламетраў ад Рыгі знаходзіцца вядомы балтыйскі горад Юрмала. Ён працягнуўся вузкай паласой аж на 30 кіламетраў уздоўж узбярэжжа Рыжскага заліва. Больш за палову горада займаюць паркі, лясы і зялёныя зоны. Драўляныя пабудовы з прыгожымі вежамі, каляровымі вітражамі ў вокнах, ганачкімі з верандамі нагадваюць казачныя домікі. Адно з самых цікавых месцаў Юрмалы – гэта вялікая канцэртная зала, дзе штогод праходзіць мноства канцэртаў.
Дзень Лачплесіса
11 лістапада латышы святкуюць Дзень Лачплесіса. Паводле народнага павер’я Лачплесіс, ці Лачаўсіс, атрымаў сваё найменне ад таямнічай крынічкі незвычайнай моцы. У Латвіі Дзень Лачплесіса адзначаецца як Дзень абаронцаў Айчыны.
Дурбенскі замак
Дурбенскі замак знаходзіцца ў той частцы Латвіі, якая называецца Курземе. Ён перабудаваны ў 1820 годзе па праекце архітэктара Берлітца. Побач, прагульваючыся па парку, можна палюбавацца на старадаўні мост цераз ручай. Зацікавіць гасцей і экспазіцыя, прысвечаная сядзібе дзевятнаццатага стагоддзя.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ