Усё трэба рабіць у час
Латышская народная мудрасць
Усё трэба рабіць у час
На беразе Балтыйскага мора, у невялікай вёсцы, жылі суседзі – Яніс і Валдзіс. Былі яны рыбакамі. А значыць – дужымі і смелымі, бо толькі такіх любіць мора, бо толькі такіх чакаюць на беразе латышскія прыгажуні. Яніс і Валдзіс сябравалі і звычайна выходзілі рыбачыць разам. Хоць гэта і не так проста было – выйсці з Валдзісам разам. Меў ён адну загану: нічога не рабіў у час, заўжды спазняўся. Аднойчы пачаў насоўвацца шторм, і Яніс сказаў Валдзісу, што трэба вяртацца назад. Аднак той не паслухаўся, гукнуў: “Вяртайся сам! Я пазней!” Моцны шторм разбіў лодку Валдзіса, а сам ён ледзве жывы дабраўся да берага. Яніс на руках занёс сябра дамоў. І Валдзіс, калі ачуняў, павініўся нарэшце, сказаў: “Усё трэба рабіць у час, асабліва – у час паварочваць да берага”.
Падрыхтавала Аксана Спрынчан