Споўнiлася 150 гадоў з дня нараджэння Кандрата Лейкі
Ушануем памяць яшчэ аднаго нашага слаўнага продка.
Споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння Кандрата Тодаравіча Лейкі – пісьменніка, імя якога сёння ведаюць не ўсе. Нарадзіўся ён на Смаргоншчыне, скончыў Aзярніцкае народнае вучылішча і Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Выкладаў родную мову ў мястэчку Косава, дзе пачаў пісаць вершы, апавяданні і п’есы. У маладыя гады цяжка захварэў, і доктар параіў яму пераехаць на Украіну: там клімат больш цёплы і сухі. Як добрага спецыяліста яго прызначылі інспектарам Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей. Але здароўе пісьменніка з кожным годам пагаршалася, і хутка хвароба зусім прыкавала яго да ложка. Памёр ён у сям’і брата Івана ў верасні 1921 года.
Свае вершы і апавяданні Кандрат Лейка пачаў друкаваць у газеце “Наша ніва”. Асобнай кніжачкай выйшла яго п’еса-казка “Снатворны мак” – першы ў беларускай літаратуры твор для лялечнага тэатра. Вядома яшчэ, што Кандрат Лейка прыслаў у “Нашу ніву” рукапісны зборнік сваіх твораў, выдаць які перашкодзіла Першая сусветная вайна.
“Надта здольны нашаніўскі апавядальнік”, – пісаў пра пісьменніка Максім Гарэцкі, класік беларускай літаратуры. Разам з тым Кандрат Лейка мог стаць і добрым дзіцячым паэтам. Мне ўдалося знайсці ў архівах і на старонках старых выданняў шмат яго паэтычных твораў. Яны, як і проза пісьменніка, яскрава сведчаць, што Кандрата Лейку можна паставіць у адзін шэраг з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Францішкам Багушэвічам, Янкам Лучынам – першапачынальнікамі новай беларускай літаратуры дзевятнаццатага стагоддзя.
Сяргей Чыгрын