Вынаходлівы хлопчык
Ізраільская народная казка
Вынаходлівы хлопчык
На плошчы каля рынку суседнічалі дзве крамы, аддзеленыя старой драўлянай перагародкай. У адной краме гандлявалі алеем, у другой – тканінамі. Аднойчы ўвечары, перад закрыццём рынку, гандляр тканінамі Абрам зазірнуў праз шчыліну ў перагародцы да свайго суседа Якава і ўбачыў, што той пералічвае залатыя дынары і складвае іх у чырвоную хусцінку. Ён таксама стаў лічыць. У хусцінцы аказалася сто шэсцьдзясят пяць залатых манет. Абрама адолела сквапнасць, вельмі захацелася завалодаць гэтымі грашыма. Ён выбег на вуліцу і закрычаў:
– Каравул! Абрабавалі! Забралі мае грошы!
На крык збегліся стражнікі, пачалі распытваць, як усё здарылася.
– Не ведаю, – адказаў Абрам. – Пасля таго як я склаў грошы ў чырвоную хусцінку, ніхто сюды не заходзіў, акрамя майго суседа Якава, які гандлюе алеем. Там было сто шэсцьдзясят пяць залатых манет.
Стражнікі зазірнулі ў краму да Якава, знайшлі чырвоную хусцінку, а ў ёй роўна столькі грошай, колькі сказаў Абрам, і арыштавалі Якава.
Якаў пакляўся, што не браў суседскія дынары, але яму не паверылі, кінулі ў цямніцу.
Суддзя пачаў расследаваць справу, але ўстанавіць, хто гаворыць праўду, не змог. Гэтай гісторыяй зацікавіўся правіцель горада, але таксама не зразумеў, каму ж верыць, якое прыняць рашэнне. І вось аднойчы за горадам ён убачыў дзяцей, якія пачалі нейкую дзіўную гульню. Адзін з хлопчыкаў сказаў сябрам:
– Давайце гуляць у суд. Ты будзеш гандляваць алеем, а ты – тканінамі. Ну а я буду за суддзю.
Правіцель стаіўся і стаў назіраць.
– Гэта мае сто шэсцьдзясят пяць дынараў, я іх зарабіў, прадаючы алей, – сказаў адзін.
– Не, гэта мае грошы, – запярэчыў другі. – Я палічыў іх, паклаў у чырвоную хусцінку, а ты прыйшоў і ўкраў іх.
Выслухаўшы гандляроў, хлопчык-суддзя прыняў рашэнне:
– Пакладзіце ў міску з вадой грошы і назірайце. Калі на паверхні з’явяцца кропелькі алею, то гэта грошы гандляра алеем: ён цэлы дзень са сваім таварам, у яго рукі замасленыя. Калі ж вада застанецца чыстай, то гэта грошы гандляра тканінамі.
Пачуўшы гэтыя мудрыя словы, правіцель выйшаў са схованкі, абняў хлопчыка і падзякаваў за тое, што той падказаў яму рашэнне цяжкай справы.
Хутка адбыўся суд, дзе правялі такі ж эксперымент. Правіцель паклаў манеты ў міску з вадой, і хутка на паверхні паказаліся кропелькі алею.
– Пакажыце міску народу! – загадаў правіцель. – Няхай усе ўпэўняцца, чые гэта грошы.
– Гэта грошы Якава, гандляра алеем! – дружна закрычалі людзі.
Гандляра тканінамі асудзілі. Усе дзякавалі правіцелю за мудрае рашэнне. А ён падняў на рукі маленькага хлопчыка і сказаў:
– Не я, а ён выкрыў ганебнага падманшчыка. Гэты хлопчык падказаў мне, як разабрацца ў такой няпростай справе.
Пераклала Маргарыта Прохар.