Загадкi ад Анатоля Зэкава
А вы ведаеце, хлопчыкі і дзяўчаткі, што і на градках растуць загадкі? Яны дожджыкам паліты, сонейкам абагрэты. Вырасціла загадкі гэтыя шчодрае лета. А яшчэ – руплівыя гаспадары, якія шчыравалі ад зары і да зары, каб потым сабраць загадкі-дары. Давайце разам адгадваць іх, сябры.
Спелыя, яны зялёныя,
З бочкі выцягнеш – салёныя.
Любяць іх усе, аднак,
І за той, і іншы смак.
***
Як жа называецца
Чараўніца-фея,
Што ў зямлі хаваецца,
Чуб на сонцы грэе?
***
Жоўты ён і паласаты
І на плот залезці ўмее.
Ён – як хатка для зярнятак,
Што жывуць у ім і спеюць.
***
Як яе не распранаеш,
Ды няма канца і краю.
Не хапае і цярпення,
Нібы ўся яна – з адзення.
***
З ёй не варта жартаваць –
Гэта ведаеце й самі:
Як пачнеце распранаць,
То зальецеся слязамі.
***
У стручкі яна хаваецца,
Назва з трох складоў складаецца:
Нота – першы і апошні.
Адгадаць павінен кожны.
***
Адкажыце, хлопчык рускі
І зямляк мой беларус:
Як арбуз па-беларуску
І па-руску – як гарбуз?