Брагін памяць беражэ
Як і заўсёды, хлебасольны,
За шчодры стол гасцей завеш.
Душою чысты, духам вольны
Ты, поўны мужнасці, жывеш.
Мікола Мятліцкі (“Брагіну”)
Загадкавы герб
Герб Брагіна вельмі складаны і загадкавы. У ім шмат гістарычных сімвалаў. І гэта сведчыць, што Брагін – старажытнае паселішча. Яно ўпершыню згадваецца ў даўнейшым Іпацьеўскім летапісе ў 1147 годзе.
Пра што апавядае брагінскі герб?
У ім як бы тры секцыі. У першай, срэбнай, размешчаны сімвал полацкага князя Ізяслава. Чырвонымі стужкамі “вымалеваны” крыж, страла, трызубец. Усё гэта нагадвае, што Брагін на пачатку сваёй гісторыі належаў Полацкаму княству.
У чырвоным полі размешчаны герб “Калюмны”, які ў свой час належаў вялікаму князю Гедыміну і яго нашчадкам. Гэта знак таго, што Брагін уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага.
А ў ніжняй, блакітнай, частцы герба Брагіна золатам зіхаціць герб магнатаў Вішнявецкіх, якія валодалі горадам амаль стагоддзе. З гэтым багатым родам звязаны многія старонкі гісторыі палескага паселішча на рацэ Брагінцы. Кажуць, у князевым маёнтку пэўны час жыў Ілжэдзмітрый, які пазней стаў рускім царом. Тут нават захоўваецца “Камень кахання”, які помніць таго загадкавага чалавека і яго каханку Марыну Мнішак.
У сучасным Брагіне свае помнікі.
Камарын
Гэта мястэчка помню з дзяцінства. Тут у лясгасе працаваў брат Мікалай, і мы з мамай ездзілі наведваць яго. Тады мне Камарын уяўляўся краем свету. А ён усяго – край раёна, глыбінка беларускага Палесся.
Гарадскі пасёлак Камарын вядомы здаўна. У яго нават сёння ёсць свой герб. У першай палове, на чырвоным полі, – залацістая літара “К”. Яна вельмі падобная на такую ж загалоўную літару з Бібліі Францыска Скарыны. Гэтым падкрэсліваецца славянскае, беларускае паходжанне Камарына.
У другой палове герба – сем блакітна-залатых стужак. Блакітны колер азначае, што Брагіншчына багатая на вадаёмы. Тут ёсць 65 азёраў, працякаюць рэкі Днепр, Брагінка, Тарасіца. А золата – гэта сімвал багацця палеткаў, лясоў гэтай зямлі.
Сын Беларусі
Сяргей Палуян нарадзіўся ў Брагіне ў 1890 годзе, у шматдзетнай сям’і. Яго сёстрамі і братамі былі Неаніла, Ганна, Яўгенія, Зінаіда, Людміла, Дзмітрый, Рыгор, Ангеліна. У кожнага свой лёс.
Сяргею наканавана было пражыць усяго дзевятнаццаць гадоў і пяць месяцаў. За гэты час ён вырас, узняўся да прызнанага пісьменніка, авалодаў такімі жанрамі літаратуры, як проза, крытыка, публіцыстыка, паэзія. Ён складаў хрэстаматыю па гісторыі Беларусі, марыў напісаць кніжкі для дзяцей.
Сяргей Палуян стаў у шэраг перадавых грамадскіх дзеячаў свайго часу, якія дбалі пра адраджэнне беларускай мовы і нашай Айчыны. І памяць аб ім будзе вечнай.
Уявіце, Сяргею Палуяну, які да апошняга працаваў у газеце “Наша ніва”, прысвяціў свой адзіны зборнік “Вянок” класік нашай літаратуры Максім Багдановіч. Таленавітаму, блізкаму сябру Сяргею Палуяну прысвяціў сваю паэму “Курган” Янка Купала. А ў вершы ў яго памяць напісаў:
Так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей
Сваім паглядам нештодзенным!
Якіх не роіў сноў аб старане сваей,
Як верыў ў свой народ нязменна!
Нам, сённяшнім чытачам Сяргея Палуяна, вядомы толькі два яго апавяданні – “Вёска” і “Хрыстос уваскрос!” Вельмі б хацеў, сябры, каб вы калі-небудзь прачыталі ўсё, што пакінуў нам у спадчыну таленавіты палескі юнак. Пакуль жа ўпусцім у нашу свядомасць яго прарочую думку:
“Радуйся, мой родны край. Надзея, як жывучая вада, ліецца ў тваю душу. Скора і ты ўваскрэснеш ад доўгага мёртвага сну. Вясна прыйшла і да цябе.
– Хрыстос уваскрос!..”
Таямніцы вакол нас
Мне захацелася сустрэцца з брагінцамі, у якіх прозвішча пачынаецца з літары “Б”. Дык вось якія адкрыцці напаткаліся.
Тут жывуць людзі з самым незвычайным адценнем белага колеру: Белякі, Бяляевы, Бялевічы, Бяловы, Беляковы, Бяланы, Бялянчыкавы, Бельчанкі, Бяляі, Бяляўскія, Бельскія, Белянкі. Ёсць нават Беланожкі, Белаглазавы, Белавусавы, Белабабкі, Белацаркоўскія. Усе быццам нагадваюць, што яны беларусы, жыхары Беларусі.
Брагінцы захоўваюць у сваіх прозвішчах даўнейшую прыналежнасць да некаторых прафесій сваіх продкаў: Бандарэнка, Бондар, Бачкароў, Бортнікаў, Берднікаў, Бурлакоў.
Ёсць людзі з прозвішчамі Буслаў, Барсук, Бабранок, Баброўнік, Беразняцкі, Дубіна, Бычкоў, Быкоўскі, Баранчук, Баранаў, Барашкаў.
А вось якія брагінцы па характары, знешнім выглядзе: Бягуны, Бегавы, Быстрыкі, Бурылавы, Буднікі, Барэцкія, Буйневічы, Безбародкі і Барадзіны, Бяззубавы і Бязвусавы. А яшчэ – Багаценкі і Багатыровы.
Сябры, вывучайце свой радавод, свае прозвішчы, назвы вашых гарадоў, пасёлкаў, вёсак, найменні ўрочышчаў, лясоў, сенажацяў, балот. І вы адкрыеце цікавыя старонкі сваёй малой радзімы.
Герой Чарнобыля
Брагіншчына, на жаль, таксама пацярпела ад катастрофы на атамнай электрастанцыі. Многія жыхары раёна рассяліліся ледзь не па ўсёй Беларусі.
У ліквідацыі аварыі прыняў удзел ураджэнец вёскі Спярыжжа Васіль Іванавіч Ігнаценка. У ноч на 26 красавіка 1986 года, калі здарылася трагедыя, ён, камандзір аддзялення пажарнай часці горада Прыпяць, першым кінуўся ўтаймоўваць узарваны рэактар. Мужна паводзіў сябе на смяртэльным аб’екце, паказваў асабісты прыклад пажарнікам.
Праз васямнаццаць дзён Васіля Ігнаценкі не стала. Ён атрымаў высокую дозу радыяцыі. Герой Чарнобыля пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Беразіно, Брагіне. У райцэнтры ўстаноўлены бюст адважнаму юнаку Васілю Ігнаценку. Яму прысвяціла свой верш паэтэса Серафіма Бестава:
Рэчка Брагінка. Хваля лашчыцца,
Б’ецца ў бераг снапком іскрыстым.
Не збаяўся ён вогненнай пашчы,
Каб была ты, Брагінка, чыстай.
Уладзімір Ліпскі
Дамашнія заданні
- Якая вялікая рака працякае па тэрыторыі Брагінскага раёна?
- Брагіншчына – радзіма паэтаў Сымона Блатуна, Уладзіміра Верамейчыка, празаіка Рамана Сабаленкі, народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Што вы ведаеце пра гэтых вядомых творцаў?