Баявая нічыя
Мама і тата
Збіраюцца ў госці.
Мама з люстэрка не зводзіць вачэй.
І памагаюць Сяргейка і Косцік
Ёй прыбірацца,
Збірацца хутчэй.
– Хто рухавейшы:
Я ці мой брацік?
– Хто з нас спрытнейшы:
Брат мой ці я?..
Бегаюць наперагонкі па хаце,
Толькі выходзіць заўжды
Нічыя.
Так, паасобку,
Прынеслі панчохі,
Боцікі цягнуць,
Залезшы ў куток.
– Як перагнаць яго, Косцю?
Хоць трохі!..
– Хай бы Сяргейка адстаў!
Хоць на крок!..
Брат – завушнічку,
Сяргейка – таксама.
Мама нічога сама не бярэ,
І папрасіла хлопчыкаў мама
Хустку прынесці –
Дождж на дварэ.
Разам пабеглі,
Разам схапілі.
Тут і згадзіцца б якраз:
Нічыя.
Дзе там!
Не хілыя
–Цягнуць штосілы
– Першы я ўзяўся!
– Не, першы быў я!..
Хустку нясуць праз якую хвіліну:
Той палавіну
І той – палавіну.
Васіль Маруга
Пераклаў Мікола Маляўка
вершык проста супер! класны і ўсё тут! дзякуй)