Каня пугай не кормяць
Каня пугай не кормяць
Які хлопец не марыць пра каня! Пэўна, няма такіх, бо цяпер прасцей машыну купіць, чым добрага рысака. Але ж Барысу і Багдану пашанцавала: бацькі набылі ім коней. Барысу – варанога, а Багдану – шэрага, у яблыкі. Барыс даў каню мянушку-пасаду – Міністр, а Багдан назваў свайго рысака проста і ласкава – Кося. Пачалі хлопцы глядзець-гадаваць коней, ганарыліся імі. Ды і як было не ганарыцца, калі нават уладальнікі машын марылі праехаць на іх рысаках. Аднойчы Барыс з Багданам паспрачаўся, хто з іх хутчэй даскача да суседняга горада. Асядлалі яны коней. Надвор’е стаяла спякотнае, і Міністр з Косем хутка стаміліся. Багдан падтрымліваў свайго каня добрым словам і аўсом, які захапіў з сабою. А Барыс гнаў Міністра пугай, і конь у нейкі момант спыніўся – ні з месца. “Чаму ён не бяжыць?” – спытаў Барыс у Багдана. А той пачухаў Косю за вухам і адказаў: “Кармі каня аўсом, а не пугай”.
Украінская народная мудрасць