Пра парсючка Борку
У маёй бабулі ў вёсцы жыў парсючок Борка. Сам ружовенькі, а вушка і бок чорненькія. Вельмі любіў, калі яго выпускалі гуляць у двор.
І ўсё сяброў шукаў. Ды кошка на парсючка зусім увагі не звяртала. Адвернецца, быццам і няма яго ў двары. А калі той падбяжыць да яе, то на дах ускочыць, на сонейку грэецца адна. Знайшоў тады парсючок куранятак. Яны, цікаўныя ды рухавыя, ад Боркі таксама ўцякалі, хаваліся.
Засумаваў Борка без сяброў, лёг неяк, засмучаны, каля плота і не варухнецца. А жоўценькія пухнацікі самі каля яго збірацца пачалі. Дзівяцца, чаму гэта парсючок за імі не бяжыць, не гуляе разам. Стаяць, галоўкі нахілілі, нібы запрашаюць: “Пойдзем гуляць з намі”.
Так і пасябравалі яны, Борка і кураняткі. І ў нашым двары з’явілася вясёлая кампанія. Разам гулялі, елі і нават разам сапсавалі аднойчы градку ў агародзе. Вось якія свавольнікі!
Наташа Сакалянская
г. Мінск, СШ № 43