Чаму Смоўжык хатку на сабе носіць
Вырашыў Смоўжык на сонейку крыху пагрэцца ды хатку сваю прасушыць. Выпаўз на сухую чарацінку, выцягнуў хатку з вады і дрэмле. Ды тут Камарык прыляцеў, гудзе пад самым вухам:
– Смоўжык, дазволь у хатку тваю схавацца!
– Ад каго табе хавацца? – незадаволена спытаў Смоўжык.
– Ад Ластаўкі. Яна вось-вось мяне схопіць! – запішчаў Камарык. – Пусці ў хатку!
– Яшчэ чаго! – буркнуў Смоўжык. – Піску ад цябе многа. Ляці далей!
Пакрыўдзіўся Камарык і паляцеў. А Смоўжык залез сам у хатку і пацягнуў яе да самай вады. Толькі прылёг у халадку, выцягнуўся, аж зноў нехта просіцца:
– Смоўжык, дазволь у хатку тваю схавацца!
Азірнуўся, а гэта Вадамер вакол чарацінкі бегае, галосіць:
– Пусці ў хатку, Смоўжык, бо Верхаводка хоча праглынуць мяне!
– Яшчэ чаго! – зноў злосна буркнуў Смоўжык. – Мокрымі лапамі вады ў хатку наносіш, а я толькі яе высушыў. Бяжы далей!
Ускінуў Смоўжык хатку на плечы і пасунуўся хавацца пад ваду. Вісіць на чарацінцы, праз ваду на сонейка з жалем пазірае. Аж і тут нехта просіцца:
– Смоўжык, дазволь у хатку тваю схавацца!
Глядзіць, а гэта Карасік, маленькі такі, амаль празрысты.
– Ад каго ж ты хаваешся? – спытаў Смоўжык.
– Ад Акуня-абжоры! Пусці ў хатку!
– Яшчэ чаго! – запярэчыў Смоўжык. – А раптам Акунь сваімі зубамі хатку маю пашкодзіць? Плыві адсюль далей!..
Залез Смоўжык у хатку і сядзіць, баіцца нос высунуць, раптам яшчэ хто папросіцца. Доўга сядзеў, і хатка прырасла да спіны.
Вось і носіць цяпер яе на сабе ўвесь час. Можа, і рады б пусціць каго схавацца ці пагрэцца, ды толькі пра гэта трэба было раней думаць.
Алена Бабурэвіч