Зязюльчыны слёзкі
Арынка гасціла ў бабулі Кацярыны.
Аднойчы ў ціхі пагодны дзень яны выправіліся ў лес. Арынку з бабуляй сустрэлі векавыя сосны. Пасля пайшлі пералескі. Затым палянкі змяніліся густым ляшчыннікам. Бабуля тым часам распавядала ўнучцы пра розныя зёлкі, якія сустракаліся на іх шляху.
– Вось гэта чабор, – паказвала бабуля Арынцы на кусцік ружавата-ліловых кветак. – А гэта – пахучы ландыш. У народзе яго завуць яшчэ зязюльчынымі слёзкамі. Зрываць кветкі нельга: мала іх засталося ў нашых лясах.
– А чаму зязюльчыны слёзкі? – пацікавілася Арынка.
– Кажуць, некалі зязюля падкінула два яйкі ў чужое гняздзечка. І вось вылупіліся птушаняты: трое сваіх маленькіх жаўтароцікаў і двое – зязюльчыных. Гаспадары гняздзечка, вядома, не ведалі, што наседжваюць чужыя яйкі. Насіліся як апантаныя – усё кармілі ненажэраў. А чужакі неўзабаве выпхнулі малых з гняздзечка ды засталіся адны ў сваіх прыёмных бацькоў.
– Ой, як страшна! – спынілася Арынка.
– Пачакай жа, слухай далей, – працягвала бабуля. – Неяк пралятала паўз той куст, дзе ўжо аперыліся яе дзеткі, зязюля. Ды тыя, вядома, не пазналі маці. Не яна ж іх выседжвала ды гадавала. Вось зязюля і пачала ліць слёзкі. І дзе слёзкі ўпалі – там кветачкі гэтыя з зямлі праклюнуліся.
– А як жа зязюля? – не цярпелася даведацца Арынцы.
– Яна лятае і лічыць людзям гады. Чуеш?
Далёка ў гушчары пачулася зязюльчына “ку-ку”.
– Хутчэй лічы, унучка!
Арынка пачала лічыць, да дванаццаці далічыла і спынілася – больш лічбаў не ведала.
– Нічога, – супакоіла бабуля. – Табе, Арынка, зязюля яшчэ налічыць шмат светлых гадоў.
Міхась Даніленка