Дзядулевы казкі
Яначка вельмі любіла слухаць казкі. Вось і сёння, калі дзядуля запаліў у печцы і прысеў на лавачку адпачыць, Яначка падбегла да яго і прымасцілася побач.
– Дзядуля, раскажы казку, – папрасіла дзяўчынка.
– Ах ты, гарэза! – засмяяўся дзядуля. – Слухай.
Дзед у задуменні глянуў на языкі агеньчыка ў печцы і пачаў сваю казку.
У светлым бары, што шуміць за нашай вёскай, была лясная школа. Кожную раніцу туды збягаліся яго жыхары. Першымі прыскакалі рыжыя вавёрачкі, за імі – шустрыя зайчыкі, прытупалі вожыкі, прыляцелі сарокі, шумлівыя вераб’і, чырвонагаловыя дзятлы. Да лясной школы прыляцела і настаўніца – прыгожая і разумная Сава. Празвінеў званок. Усе звяры і птушкі прыціхлі. Пачалася пераклічка.
– Чаму сёння няма шэрага Ваўчка? – спытала Сава.
Усе пераглянуліся, але ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца ён. Урок пачаўся. Раптам у клас уварваўся запыханы, ускалмачаны шэры Ваўчок.
– Што здарылася? – спытала Сава.
– Хутчэй у прылесак! Дапамажыце! Агонь! – закрычаў Ваўчок.
Звяры і птушкі ўскочылі з-за парт. Пачаўся шум і гвалт.
– Раскажы, што здарылася, – пачала распытваць мудрая Сава.
– Я бег у школу, — пачаў Ваўчок, – і раптам пачуў пах дыму. Вырашыў паглядзець, што ж там здарылася. А на ўскрайку лесу, дзе стаіць наш стары дуб, куды часта прыходзяць адпачываць людзі, я ўбачыў языкі полымя. Вакол кастрышча гарэла сухая трава. Я паспрабаваў лапамі патушыць агонь , але толькі апаліў іх.
– Што рабіць? Што рабіць? – закрычалі звяры і птушкі.
Пачаўся сапраўдны перапалох. Кожны стараўся параіць, але ўсе разумелі , што бяда блізка.
– Супакойцеся, – сказала Сава. – Я вось што прыдумала. Кожную раніцу па сцежцы, што ідзе праз наш бор, у вясковую школу спяшаецца хлопчык Пеця. Ён нам дапаможа.
Звяры хуценька пакінулі лясную школу. Усе накіраваліся да лясной сцяжынкі, па якой і сапраўды ішоў хлопчык. Ён убачыў, як мітусяцца і крычаць птушкі, як па дрэвах скачуць вавёркі. Пеця здагадаўся: штосьці здарылася ў лесе. Хлопчык пайшоў за жывёламі. А яны вялі яго на ўзлесак. Там пачынаўся сапраўдны пажар. Языкі полымя перабраліся з травы на галінкі кустоў. Дым зацягнуў паляну. Пеця адразу ўсё зразумеў. Ён успомніў, што гаварыла Марыя Іванаўна на ўроках па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Хуценька дастаў тэлефон і набраў нумар 101. Школьнік расказаў супрацоўніку МНС пра пажар у лесе. Праз некалькі хвілін пажарныя былі на месцы. Звяры і птушкі назіралі, як хутка і зладжана працуюць людзі. Агонь хутка адступаў. Дым рассейваўся. Лясныя жыхары ўздыхнулі з палёгкай.
Дзядуля замаўчаў. Янка таксама маўчала. А пасля ціхенька сказала:
– Я заўсёды буду ўважлівая з агнём і ніколі не запалю вогнішча ў лесе.
Валерыя Казлоўская, пас. Гудагай,
ДУА “Гудагайская сярэдняя школа” 4 “Б” клас