Бусліха-аптымістка
Вторник, 7.04.2020 11:00. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Васіль ЖУКОВІЧ
Над сваёй старонкай роднай
лётаў бусел дзень, другі,
а не ўбачыў аніводнай
саламянае страхі.
Кажа ён сваёй каханай:
– Дарагая, што рабіць?
На страсе несаламянай
небяспечна будзе жыць!
Па-над вёскамі бусліха
пралятала дзень, другі
і сказала мужу ціха:
– Не хвалюйся, дарагі,
наваселле акуратна
справім гэтаю вясной –
на слупе на тэлеграфным
мы паселімся з табой.
Абжывем куток бусліны
там, дзе добра ўсё відно,
і апошнія навіны
будзем слухаць заадно.