Я тут жыву. Займальныя вандроўкі па Беларусі
Уладзімір Ліпскі
НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК “ПРЫПЯЦКІ” —
дзіва беларускага Палесся,
старажытны кут прыроды Беларусі.
Яго плошча — звыш 88 тысяч гектараў.
Вачыма не акінуць.
Нагамі не прайсці.
Машынай не праехаць.
Палова Парка —
балоты, балотныя лясы, кустоўе,
звыш 500 азёраў, сотні рэчачак.
А пасярод усяе гэтай красы
задумліва нясе свае воды
велічная і нястомная Прыпяць.
У Парку вольна адчуваюць сябе
зубры, алені, ласі, казулі, дзікі…
У водах весела плюхаюцца рыбы.
У лясах, на лугах нязмоўкла
гучыць птушыны аркестр.
Пералётныя выраі тут адпачываюць,
кормяцца, набіраюцца сіл.
У Парку можна ўбачыць розных жыльцоў
на экалагічных сцежках
“Лясное возера”, “Цар-дуб”, “Цар-сасна”,
“Пойма Прыпяці”, “Гняздо арлана”…
Не прапусціце “Сафары-парк”,
у якім вольна жывуць лясныя звяры.
Пабывайце ў Музеі Прыроды.
Незвычайны цягнічок правязе вас
да Падворка Дзеда Мароза.
А калі захочаце палюбавацца Прыпяццю,
садзіцеся на цеплаходы
“Кірыла Тураўскі”, “Зубр”, “Лось” —
і вы ўбачыце жывую казку.
Ахоўны прыродны Парк “Прыпяцкі” —
наша Айчына.
Палюбім яе і навучымся ганарыцца ёю.
Легенда Палесся
Цэнтр Парка “Прыпяцкі” — вёска Ляскавічы. Яна з даўніх-даўніх часоў красуецца на беразе ракі Прыпяць. Але такой прыгожай, дабротнай, як цяпер, яна яшчэ не была. І называецца — аграгарадок. Уяўляеце, з гадамі паселішча не старэе, а маладзее. Цуд нашай явы! Тут ёсць Музей Прыроды, гасцініца з басейнам, сучасная школа, будынак адміністрацыі Парка, дабротныя дамы, царква, прыстань, падворак Дзеда Мароза. Амаль на кожным электраслупе жывуць буслы. Генеральны дырэктар Парка Сцяпан Мікалаевіч Бамбіза стварыў з сваіх дзівосных здымкаў прыроды ўнікальную кнігу “Маё Палессе”. Па яго ініцыятыве ў роднай вёсцы Ляскавічы праходзяць Міжнародныя фестывалі народнай культуры “Кліч Палесся”. З усіх куткоў свету едуць у “Прыпяцкі” турысты. Вашу сям’ю чакаюць там гасцінныя людзі і райская прырода.
Дамашнія заданні
- Якія яшчэ Нацыянальныя паркі ёсць у Беларусі? Якія нашы Запаведнікі, Заказнікі, Пушчы ведаеце? Для чаго мы беражэм і ахоўваем іх?
- Парк “Прыпяцкі” размешчаны на тэрыторыях Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага раёнаў. У якой вобласці нашай краіны яны знаходзяцца?
- Вы ведаеце, што лес, у якім растуць адны дубы, называецца дубрава. А што такое пойменная дубрава?
- У “Прыпяцкім” жывуць 256 відаў птушак. Якіх вы сустракалі?
- Ад Мінска да цэнтра Парка “Прыпяцкі” Ляскавіч — 260 км. За колькі часу можна зайсці туды, даехаць на кані, на машыне, заляцець на верталёце?
За цікавыя і змястоўныя адказы дырэкцыя Парка запросіць пераможцаў на экскурсію.