БАЦЬКОЎСКАЯ ЛЮБОЎ
Ірына ЦУКАНАВА
Шмат гадоў таму ў гарадскім парку на высокай гары рос дуб-волат з магутнай зялёнай кронай і моцным ствалом у некалькі абхопаў. Пра яго ўзрост ніхто не ведаў. Ды і сам дуб забыўся, колькі стагоддзяў ён на зямлі стаіць.
Кожную вясну з поўдня прыляталі птушкі. Ладзілі на галінах дуба гнёзды. Праз нейкі час з’яўляліся на свет птушаняткі. Яны ўвесь дзень пішчалі і прасілі есці. Бацькі раз за разам насілі ім жучкоў і чарвячкоў. А дуб, асцярожна ківаючы галінамі, закалыхваў птушанят.
Стары дуб любіў шумных суседзяў і сумаваў, калі яны адляталі восенню ў цёплыя краіны. З высокай гары ён махаў галінамі ўслед птушкам, а потым да вясны чакаў іх вяртання з далёкага выраю. Сваіх сыночкаў-дубочкаў Бог дубу не даў, з-за чаго ён вельмі пакутаваў.
Але вось аднойчы сонечным восеньскім днём пад яго кронай збіраў жалуды рудавалосы хлапчук. Ён выбраў самы вялікі жолуд і закапаў яго непадалёк ад дуба ў зямлю, прыкрыўшы зверху лісцікамі. Вясной, калі прыгрэла ласкавае сонейка, на тым месцы, дзе хлапчук закапаў жолуд, з зямлі вылез маленечкі тонкі парастак. Неўзабаве ён ператварыўся ў дубчык, на якім напрыканцы траўня распусціліся першыя лісточкі.
Дуб быў шчаслівы, што ў яго з’явіўся сынок. Пяшчотна аберагаў крохкае дрэўца: захінаў яго сваёй лістотай улетку ад прамянёў пякучага сонца, увосень – ад халодных дажджоў. А ўзімку – абараняў ад ледзяных паўночных вятроў.
Ішлі гады. Сынок на радасць бацьку хутка падрастаў. Ды нечакана прыйшла бяда. Малады дубок захварэў. Яго лісцікі апусціліся, ствол сагнуўся да зямлі. Пазбавіўся спакою стары дуб. Дні і ночы думаў, як дапамагчы.
Неяк прысеў на дуб мудры крумкач. Уважліва паглядзеў на малое дрэўца, якое паціху засыхала, і пракрумкаў:
– Марнее сынок твой ад цябе самога, ад ценю твайго. Без сонечнага святла не будзе яму жыцця.
Узмахнуў крыламі і паляцеў прэч. А ноччу разгулялася бура. Зіхацелі маланкі, у небе чуліся раскаты грому, хвастаў халодны лівень. Усхадзіўся моцны вецер, які роў, як раз’юшаны звер, ламаючы галіны дрэў, кружачы сарваную лістоту ў віхуры свайго шалёнага танца.
– Вецер, ты моцны і магутны! – звярнуўся да яго дуб. – Стары я стаў і лядашчы. Прыйшоў час саступіць месца пад сонцам маладым. Падштурхні мяне з гары, бо мне самому адарвацца ад зямлі не хапае сіл.
Паслухаўся яго вецер. Сабраўшы ўсю сваю моц, ён дзьмухнуў на дрэва. У той жа момант яно затрашчала і са стогнам, ламаючы галіны, рухнула з гары ўніз.
Да раніцы бура сціхла. Узышло яркае сонца і цёплымі жыватворнымі прамянямі сагрэла малы дубочак. Ён з палёгкай уздыхнуў і выпрастаў свой тонкі ствол, лісцікі ажылі і зноў зашалясцелі.
Стары дуб у той жа дзень распілавалі і вывезлі з парка. Дубок-сынок доўга глядзеў бацьку ўслед, і па яго лісціках цяклі ці то расінкі, ці то слязінкі.
Цяпер на гары расце высокі і магутны малады дуб. Нібы вартаўнік, велічна ўзвышаецца над старым паркам. І ніякае дрэва ў ваколіцах не можа параўнацца з ім прыгажосцю і крэпасцю. У густой зялёнай кроне ўюць гнёзды птушкі, а ў прахалодным цені адпачываюць гараджане. Ад пякучага сонца, злога ветру і праліўнога дажджу ўсім дае ратунак гэта дрэва.