Зайчык-партрэтыст
Адзін зайчык любіў маляваць партрэты. І сказаў свайму сябруку кураняці:
— Куранятка, пастой хвілінку спакойна, а я цябе намалюю!
— Згода! — адказала куранятка. Але як толькі зайчык пачаў маляваць, яго сябра падскочыў паглядзець.
— Ай-ай-ай! — запішчэў. — Чаму ты малюеш яйка? Я ж даўно адтуль выбраўся!
Абразілася кураня і пайшло. Давялося зайчыку скончыць яго партрэт па памяці.
А потым зайчык звярнуўся з такой самай просьбай да кураняткавай маці — курыцы. Тая ахвотна згадзілася, але неўзабаве таксама падбегла паглядзець, што атрымліваецца.
— Ко-ко-ко! Калі ты малюеш яйка, навошта табе курыца? То я й пакіну табе яйка, а сама пайду, бо маю поўную дзюбу клопатаў!
І партрэт курыцы быў дамаляваны па памяці.
Калі ўжо былі намаляваныя сынок і мама, то вырашыў зайчык намаляваць і тату — пеўня. Але і той не вытрымаў і падышоў зірнуць.
— Яйка? Ку-ка-рэ-ку! Ужо хто-хто, а я з яйкамі не маю нічога супольнага! Мусіш яшчэ трохі падвучыцца маляваць, дурненькі! І ганарыста адышоў.
Той партрэт пеўня давялося дамалёўваць па памяці.
Сустрэў зайчык вожыка. Можа, не будзе з яго маляваннем такіх клопатаў, як з папярэднікамі, падумаў. І сапраўды, вожык сядзеў цярпліва.
Ды толькі раптоўна сказаў:
— Ты мяне, зайчык, прабач, але мы, вожыкі, часам мусім згарнуцца ў клубочак. — Ды так і зрабіў. І ўжо не відаць ані носіка, ані вочак, ані лапак, ані нават маленькага хвастка…
І партрэт вожыка быў скончаны па памяці.
Мышка таксама пазіравала цярпліва і не падбягала пацікавіцца. Але раптам піскнула спалохана:
— Кот! — і знікла.
Ну, і, вядома ж, партрэт мышкі быў дамаляваны без яе.
Няма мышкі, затое ёсць кот. Той любіць пазіраваць. Ды нядоўга гэта працягвалася — раптам натапырыў поўсць і енкнуў:
— Сабака!
Скочыў цераз плот і знік.
Што рабіць, зайчык дамаляваў і ката па памяці.
— З сабакам, напэўна, усё будзе добра. Сабака нікога не баіцца!
І сапраўды, сабака сядзеў цярпліва і годна. Але праз імгненне:
— Гаў-гаў-гаў!
— Не, я павінен усё ж дагнаць гэтага задаваку ката! — і знік у кустах.
Няма выйсця — і партрэт сабакі быў скончаны па памяці.
Стаміўся зайчык і пакінуў некалькі недамаляваных партрэтаў.
Можа, вы, дзеці, здолееце гэта зрабіць?
Алег Аблажэй