Янка-парашутыст
Багата дзяцей на нашым двары, і ўсе яны ў адзін голас скажуць, што няма на свеце лепшага знаўцы самалётаў і ўсёй авіяцыйнай справы, як іх друг і таварыш — Янка. Ён па сілуэту пазнае марку самалёта, які ляціць хоць бы сабе ў самым паднябессі. Ён не злынецца, пералічаючы імёны славутых лётнікаў, і ведае розніцу паміж навігацыяй і аэранавігацыяй. Адным словам, авіяцыя для яго — адкрытая кніга. Я ўжо не кажу аб такіх імёнах, як браты Райт, як Мангальф’е, Мажайскі, Блерыё, Утачкін, Несцераў, — усіх іх і не пералічыш.
З-за гэтых самых братоў Райт узніклі ў Янкі вялікія непаразуменні з бабкай Арынай. Толькі ён пачне распісваць на ўсе лады адвагу першых авіятараў, як старая — яна крышку і недачувала — адразу кідалася ў спрэчкі…
— Вы лепей бы свае панчохі і хусткі вязалі, а не спрачаліся! Вось бы скінуць вас хоць разок з парашутам, тады б даведаліся, што такое самалёты…
— Уга… І скажаш жа, унучак, такое: парашуты-шуты… Знайшоў, чым пужаць! Ты мяне без парашута-шута твайго скінь на зямлю, тады яшчэ, можа, я і напужаюся крыху. Цяпер вун, унучак, і дзяўчаты з парашутамі скачуць. А мне і пагатоў баяцца нечага: сам жа ведаеш, колькі гадоў у мяне за плячамі. Чаго, чаго не нагледзелася на сваім вяку. А чым старэй чалавек, тым ён больш вопытны, і, зразумела, больш смелы…
Міхась Лынькоў