Мой бацька
Еўлічы – вялікая вёска ў Слуцкім раёне, дзе 16 мая 1911 года нарадзіўся мой бацька – Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько). Ён па-сапраўднаму быў улюбёны ў родную зямлю. Мы не аднойчы чулі ад яго:
– Мае Еўлічы, мая Случчына, мой Гомель, мая Беларусь – гэта маё роднае…
Праз сорак гадоў пасля Вялікай Перамогі ў бацькі запыталіся, як ён сустрэў 9 мая 1945 года. Не выдумляючы нейкай “экзатычнай” карцінкі, бацька расказаў, што знаходзіўся ў родных Еўлічах, запісваў новыя вершы, калі прыбеглі настаўніцы з радаснай навіною. Яны запрасілі бацьку выступіць на мітынгу, дзе сабраліся настаўнікі, вучні і жыхары вёскі. Як умеў, ён гаварыў прамову, трохі ўзнёслую і ўрачыстую, добра разумеючы, што дзеці і дарослыя плачуць не ад яго слоў, а таму, што ў кожнага свой боль, свая рана вайны. Стараючыся не паказаць слёз, плакаў і сам прамоўца, у якога фашысты закатавалі бацьку.
Дзе б ні жыў бацька, ён меў шмат сяброў. Яны заходзілі да нас і падоўгу вялі размовы пра літаратуру, пра жыццё.
Яшчэ ў старым доме Саюза пісьменнікаў праходзіў юбілейны вечар, прысвечаны 50-годдзю бацькі. Уступнае слова, цёплае і шчырае, гаварыў Міхась Ціханавіч Лынькоў, а даклад аб творчасці юбіляра – Янка Казека, даўні, яшчэ з маладосці, сябар. Спявалі народныя песні артысты з Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы. Іван Браніслававіч Шаціла, выдатны акцёр-купалавец, прачытаў бацькавы вершы.
У дзяцінстве я заўсёды радаваўся, калі чытаў у падручніку “Родная літаратура” верш, прысвечаны мне: “Гляджу ў твае чыстыя вочы…” На любімым мной зборніку “Случчына” бацька напісаў: “Майму сыну Вісарыёну – парастку нашага слуцкага дрэва і яго галіне – Галіне. Стары корч”.
Да першага Новага года Цімашка, свайго ўнука, бацька напісаў на кнізе “Дзецям”:
З Новым годам, Цімашок,
Дарагі наш малышок,
Навагодні Дзед Мароз
Жадае, каб хутчэй ты рос!
Твой дзед Цімох.
Бацька любіў нас, сваіх дзяцей і ўнукаў, і хацеў, каб і мы, і ўсе дзеці на свеце жылі доўга і шчасліва.
Вісарыён Крысько