Чытаем летам
Канікулы! Аднак і пра цікавыя гісторыі і забаўныя вершы мы таксама не забываем. Нашы беларускія пісьменнікі падрыхтавалі сапраўдныя кніжныя сюрпрызы для чытання летам.
Паэт і шчыры сябар дзяцей Анатоль Зэкаў запрашае ўсіх у свет паласатага, вусатага, хітрага і ласкавага ката. Новы зборнік, надрукаваны ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, так і называецца: “Праўда і лухта пра вусатага ката”. Што ж гэты герой робіць летам?
Вандраваць наш кот — аматар.
Ён сышоў на лета з хаты.
Кот сышоў — і мышы следам
Зніклі з хаты на ўсё лета.
Можа быць, пайшлі за ім?
Сумна ж мышкам жыць адным.
Разам з пісьменніцай Аленай Масла мы выправімся ў паход і даведаемся шмат новага пра жывёльны і раслінны свет беларускіх балот. І, канечне, пазнаёмімся з казачнымі героямі. Вітайце кнігу “Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі” у афармленні мастака Аксаны Аракчэевай. Гэты зборнік выйшаў у выдавецтве “Пачатковая школа” і атрымаў перамогу ў Міжнароднай нацыянальнай прэміі Біянкі ў намінацыі “Казка”. Нашы беларускія балоты знакамітыя на ўвесь свет!
Сябры мае, гуляйце, адпачывайце, ды чытаць не забывайце!
Ваш Вася Вясёлкін