Лета з “Вясёлкай”
Кожны год вясёлкаўцы разам са слаўным горадам Слуцкам адзначаюць дзень нараджэння пісьменніка Васіля Віткі — класіка нашай літаратуры, першага галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Сёлета яму споўнілася б 108 гадоў. Супрацоўнікі рэдакцыі ўзялі ўдзел у Тыдні Васіля Віткі, які праходзіў у Слуцку і Мінску. Дарэчы, на малой радзіме пісьменніка заснаваны сквер і вуліца названая ў гонар Васіля Віткі.
Ужо ў сёмы раз у бібліятэцы № 6 імя В. Віткі г. Мінска прайшоў тэлемост з чытачамі Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Выступаў на ўрачыстым адкрыцці Віткаўскіх чытанняў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Кожная сустрэча з калегамі і юнымі аматарамі творчасці Васіля Віткі прасякнута радасцю і асаблівай творчай энергетыкай. Так было і зараз. Мінчане зрабілі для случчан віртуальную экскурсію па філіялу музея часопіса “Вясёлка”, паказалі ўрывак з лялечнай пастаноўкі казкі “Вавёрчына гора”. З боку радзімы Віткі таксама была насычаная праграма.
Вучні 2 “А” класа 60-й сярэдняй школы г. Мінска вывучылі любімыя вершы Цімоха Васільевіча Крысько і вельмі выразна і артыстычна расказвалі іх на памяць. А ў адказ мінчанам маленькія чытачы са Слуцка таксама падрыхтавалі цудоўныя сцэнкі і вершы.
Т.У. Мінчукова, вядучы бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі №6 імя В. Віткі г. Мінска
Краінай роднай ганаруся
І на “Вясёлку” — падпішуся!
Падпісацца на любімы часопіс можна ў аддзяленнях Белпошты і Белсаюздруку да 25-га чысла кожнага месяца. Індэкс індывідуальных падпісчыкаў 74845, ведамасных 748452.