Прыгоды багоўкі Лесі
У адным цудоўным куточку Беларусі жыла маленькая багоўка Леся. А куточак і сапраўды быў прыгожы! Гэта невялікая палянка сярод старога цёмнага лесу. Лес быў такі дрымучы, што нават самы лёгкі ветрык не мог дабрацца да гэтай палянкі. І домік у Лесі таксама цудоўны. На палянцы раслі блакітныя кветачкі-званочкі. У адной з кветачак і пасялілася Леся. Багоўка нарадзілася вясной, а цяпер стаяла лета, і Леся не магла нарадавацца, гледзячы на кветкі, траўку, ягадкі, якіх было багата на палянцы.
Вы думаеце, Лесі было сумна адной сярод лесу? Ды не, яна была не адна. Такіх баговак на палянцы пасялілася многа, і Леся зусім не сумавала.
Прачнуўшыся, багоўка Леся размінала крыльцы і ляцела шукаць самую вялікую кроплю расы. Вымыўшы тварык і спаласнуўшы крыльцы, Леся снедала. А вы ведаеце, што любіла яна есці на сняданак? Нізавошта не здагадаецеся! Тлю. Леся лічыла, што на палянцы водзіцца самая смачная тля. Вось только калі-нікалі багоўка злавалася на гэтых дробных, падобных на мак, казурак, калі ім удавалася папсаваць якую-небудзь прыгожую кветачку.
Паснедаўшы, Леся зноў вярталася ў свой домік-званочак і пачынала званіць. Гэта быў сігнал для сябровак, каб яны зляталіся да Лесі. Вось усе ў зборы. І тут пачыналася весялосць. Багоўкі ляталі навыперадкі — хто хутчэй дамчыцца да сунічкі, якая чырванела на другім канцы палянкі. З гладзенькага лістка рабілі горку і з’язджалі, весела штурхаючы адна адну.
Адно засмучала Лесю і яе сябровак. Яны былі вельмі баязлівыя. Пачуюць які-небудзь гук — і тут жа хаваюцца пад лісток ці травінку. А гэта ўсяго толькі чмель праляцеў ці жук-рагач.
І вось аднойчы адбылося такое, што прымусіла Лесю паверыць: яна таксама можа быць смелай.
Прачнулася багоўка ў гэты дзень, як звычайна, рана. Высунула галоўку са свайго доміка – і не паверыла сваім вачам. Знікла палянка, не відаць лесу, а перад ёю стаіць нейкае белае страшыдла і не пускае яе з доміка. Леся спалохалася і адразу падумала пра сваіх сябровак. Што з імі буде, як жа яны паснедаюць, калі нічога не відаць. Можа, гэтае страшыдла ўжо праглынула іх?
Што рабіць, як ім дапамагчы? – праносіліся думкі ў маленькай галоўцы.
І тут Леся рашыла: “Я праганю гэтае страшыдла. Узнімуся і буду махаць-махаць крыльцамі. Страшыдла спалохаецца і ўцячэ”.
Леся заплюшчыла вочкі, расправіла крыльцы і ўзляцела. Яна лятала і лятала, вельмі стамілася, сталі апускацца крыльцы. Лесі здавалася, што яна зараз упадзе. Але божая кароўка працягвала, як ёй здавалася, змагацца з гэтым няпрошаным госцем.
І тут узышло сонейка, і белае страшыдла, — а гэта быў туман, знікла. І ўсё вакол зноў стала прывычным: і палянка, і лес. А маленькая багоўка Леся думала, што перамагла, прагнала страшнага звера. Ты, можа, падумаеш, што туман не можа быць страшным. Але Леся жыла на гэтым свеце не так даўно і яшчэ ніколі тумана не бачыла. Пасля гэтага здарэння наша багоўка паверыла, што яна смелая і можа, нават, абараніць сваіх сябровак.
Вольга Грамыка