Сонечны хлопчык
Сонейка ў нагайскім стэпе ўзыходзіць вельмі рана. З першымі яго праменьчыкамі ўсё навокал ажывае. Прачынаюцца старадаўнія курганы, за якімі зялёнымі колерамі вабяць зрок шырокія палеткі. Самы час сенакосу!
Сярод поля дрэмле калодзеж Аджы, які назвалі так у гонар аднаго бедняка. Расказваюць, што Аджы вельмі доўга капаў калодзеж. І вада з яго струменіць незлічоную колькасць гадоў.
Вада тут вельмі смачная і халодная. Яна выратоўвае падарожнікаў у самую вялікую спёку. І ніколі калодзеж не перасыхае – нават надзвычай гарачым летам.
Маленькі Мурат любіць гуляць каля калодзежа і часта зазірае ў яго. Да абеда праменьчыкі звычайна трапляюць і ў цёмны зруб. Тады на вадзе адбіваецца сонечны круг.
– Глядзіце, сонца – у калодзежы! Яно сядзіць у ім як гаспадар! – крычыць хлопчык. – Мусіць, і яно хаваецца ад спёкі!
А тым самым сонейка нагадвае ўсім, што прыходзіць поўдзень.
– Дзякуй табе, Мурат, – смяюцца касцы. Ты кожны дзень лепей за гадзіннік падказваеш нам дакладна час абеда, наш сонечны хлопчык!
Мурат нічога не адказвае. Толькі ўсміхаецца. І ведае, што заўтра апоўдні разам з сонейкам ён ізноў нагадае працалюбівым касцам, калі трэба якіх паўгадзінкі-гадзіну адпачыць.
Анварбек КУЛТАЕЎ
Пераклад з нагайскай Алеся Карлюкевіча