Вершы на памяць для самых маленькіх
Вторник, 16.10.2018 10:40. Рубрика: БУСЯ
Чароўныя коцікі
Васіль ВІТКА
Люлі, люлі, люлі,
Дзеткі ўсе паснулі.
Не спіць толькі коця,
Ходзіць па балоце.
Адмарозіў лапку,
Пайшоў грэцца ў хатку.
Казімір КАМЕЙША
Я іду ў пуховых тапках,
На каціных мяккіх лапках.
Я тут блізка, за сцяной.
Я завуся цішынёй.
Змітрок БЯДУЛЯ
Мяў-мяў, рабенькі каток!
Схадзі, коцік, на таржок,
Купіш абараначка,
Будзе есці Яначка.
І пайшоў ён, і купіў.
І малога накарміў.
Андрэй АЛЕКСАНДРОВІЧ
Чуеш, кіска, ля калыскі
Ходзіць мышка-каратышка.
Час не траць жа, ані-ні,
Гэту мышку прагані.
Алесь ПІСЬМЯНКОЎ
Цэлы дзень і цэлы вечар
Я ката вучыў на печы.
Ні чытання, ні пісьма
Мой не вывучыў Кузьма.
Ці то я вучыў не так,
Ці то ён такі лайдак?