Працяг аповесці-споведзі «Мая Беларусь»
***
Салавей без спеваў –
шэрая птушачка.
Беларусь без балотаў –
зямля без дзіваў.
Меліяратары, канешне,
перакроілі наша дзіва
на свой манер.
Але ж засталася вера,
што беларускія балоты –
“лёгкія” Еўропы.
У гэта верыш, калі трапляеш
у Бярэзінскі запаведнік.
Звыш ста тысяч гектараў
дзікай прыроды
ахоўвае наша Дзяржава.
Тут жывуць абарыгены –
ласі, мядзведзі, рысі, барсукі…
Тут гаспадары – мох, верасы, багун,
журавіны, буякі, грыбы…
Тутэйшыя балоты – дом для
журавоў, паўзуноў, земнаводных…
Неба вартуюць беркуты,
падорлікі, пугачы, кажаны, скапы…
Кажуць, у нашых балотах
водзяцца і казачныя нячысцікі.
Але яны баяцца вылазіць з твані,
бо запаведнік нястомна
даследуюць беларускія вучоныя.
У іх ёсць нават балотны ўсюдыход,
які ўмее і ездзіць, і плаваць…
Беларусь беражліва ахоўвае сваю красу-прыроду
ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах,
у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”,
у сотнях лясных і балотных заказнікаў.
Кожная бабулька пабожыцца:
у лесе лягчэй дыхаць.
Кожны вучань ведае:
лес – фабрыка кіслароду.
Кожны вучоны даводзіць:
гектар балота,
вылучае кіслароду болей
у 15 разоў, чым гектар лесу.
Дыхай, братка-беларус, і ў вус не дзьмі.
_______________________________________
Амаль усе мае шоўкаўцы
перасяліліся на могілкі.
Іду да іх на спатканне,
на споведзь,
на пакаянне,
на малітву.
Каля кожнага крыжыка
агортваюць шчымлівыя ўспаміны.
Дзед Леўка здымаў шапку
перад намі, дзятвой, дзеньдобрыўся.
Мы думалі: ён дзівак.
Цяпер да мяне дайшло –
ён быў нашым настаўнікам…
Цётка Кірыліха выходзіла замуж
марознай зімою,
і раптам – гром з неба.
А праз год – вайна.
Кірылу забралі на фронт,
Кірыліха стала вечнай удавой…
Спачывае на могілках
сіратлівая баба Арына,
якая маладым пахавала сына Мішу.
Кожны пад сваім пагорачкам –
Новік і Новічыха, Сцяпан і Марыля,
Пятро і Дзіна, Лявон і Ірына,
Аксіння і Аўгіння –
касары, аратыя, паляводкі, кухаркі…
Пра іх мая кніга – “Адпяванне жывых”.
А колькі ж іх баек, гаворак,
песень, жартаў ляжыць у пясочку!..
Сэрца маё сціскаецца ад болю.
Не іду, а бягу туды, дзе стаялі хаты,
высаджваю ліпавую алею.
Кожнаму шоўкаўцу – па дрэўцу.
На пракаветных граблях,
у залацістай рамцы вывешваю
спіс усіх маіх шоўкаўцаў.
І малюся:
хто родам адсюль і жывы – помніце;
хто азяблы і галодны – пакайцеся,
што пакінулі родны кут;
хто мае дзяцей, унукаў,
прывязіце іх у Шоўкавічы.
Хай падыхаюць паветрам продкаў.
Хай пачуюць шэпт маладых ліпак
на маёй алеі памяці.
Уладзімір ЛІПСКІ