Таямніцы нашага садка. Гісторыя восьмая: пра адзінокага прынца, мудрага рака і капрызлівую прынцэсу
Частка першая
У нашым садку стаіць акварыум. Там жыве рак. Дзеці яго баяцца, бо аднаго разу рак ушчыкнуў за палец цікаўнага Славіка. А вось Кастусь з ракам сябруе. Любіць назіраць за ім.
Кастусю вельмі падабаецца рагатуха Галька. Але яна гуляе з іншымі хлопчыкамі. Сумуе Кастусь. Не заўважае нават, што яму часам ласкава ўсміхаецца Манька.
– Ты чаго? Што табе Галька, калі побач такая Манька ёсць! – кажа яму выхавацель Васіль.
– Я – нецікавы маленькі гном, які нічога не ўмее… – мармытаў Кастусь.
– Ну, як так?! Памятаеш, ты вершык для Галькі на яе дзень нараджэння склаў, – нагадаў Васіль.
– Ага, але замест мяне яго прачытаў Хама, бо я забаяўся…
Кастусь утаропіўся ў акварыум. І больш не вымавіў ні слова.
Калі ж азірнуўся, то ўбачыў, што вакол стаіць вялікая чорная шырма, якая закрывае яго ад астатніх дзяцей. Побач сядзеў выхавацель.
– А гэта навошта? – запытаў Кастусь.
– Так трэба! – таямніча сказаў Васіль. – Ты ведаеш, што было на месцы нашага садка пяць тысяч гадоў таму?
– Не… – здзівіўшыся, прамовіў Кастусь.
– Палац, у якім жыла прыгожая-прыгожая і капрызлівая-капрызлівая прынцэса, якую звалі… Ну, падкажы, як?
– Галька? – першае, што прыйшло ў галаву, сказаў хлопчык.
– Правільна. А хто да яе кожны дзень прылятаў на сваім дзівосным кані? Што за цудоўны рыцар?..
– Кастусь?
– Ну, вядома! А цяпер раскажы, што было далей!
Кастусь уздыхнуў, паглядзеў на рака, які памахаў яму кляшнёй, і пачаў…
– Прынц Кастусь быў закаханы ў капрызную прынцэсу Гальку! Але яна на ўсе яго прыгожыя песні і словы адказвала “Бяяя-бююю-бяяя!”, кідалася памідорамі і рагатала. А на першым паверсе палаца быў цуд-акварыум дзе плаваў вялізны Рак-Вусач. Зусім маленькім яго вылавілі з Бацькі-Нёмана. Вельмі сумаваў ён па сваёй радзіме, але, убачыўшы пакуты прынца, зразумеў, што на свеце ёсць істоты больш няшчасныя, чым ён, адзінокі рак.
– Гэй, прынц! – шапнуў ён Кастусю. – Я ведаю што зрабіць, каб прынцэса Галька стала вашай жонкай! Прынцэсу зачараваў чарнакніжнік Гаррр-Гундзель! Кожную ноч ён прылятае да яе і нашэптвае чорныя сны! Заўтра апоўначы, калі будзе вялікая чырвоная поўня, прынцэса Галька ператворыцца ў Гарпію!
– У каго?
– Гарпію! Такую страшную цётку з лапамі, як у львіцы і крыламі, бы ў двухмятровай вароны!
– Сёння ж уначы заб’ю Гарр-Гундзеля і выратую прынцэсу! – крыкнуў Кастусь, выхапіўшы меч.
– Але з яго вачэй шугае агонь! А з вушэй, носа і рота валіць атрутны дым!
– Што тады рабіць?
– Вызваліце мяне з гэтага акварыума, і я вам дапамагу!
Здзіўлены Кастусь агледзеў Рака-Вусача ад вусоў да хваста:
– Чакай, ты і сапраўды ведаеш, як мне дапамагчы?
– А то! Ракі ведаюць усё! І могуць усё! Дык слухайце, о, слаўны прынц! Схавайце мяне за пазуху! Паскачам у Каралеўства Дубоў! Я, дарэчы, адтуль, родам. Там вы здабудзеце суперсілу, дзякуючы якой пераможаце Гаррр-Гундзеля і выратуеце прынцэсу Гальку!
– Што ж, мой верны Рак! У дарогу!
Толькі яны сабраліся, як раптам… Ба-бах!
Што гэта? Гром? Маланка? Мо, Гаррр-Гундзель з’явіўся? Не гэта шырма, якую паставіў выхавацель Васіль, упала пад напорам дзяцей, што захоплена слухалі казку.
– А далей? – зашумелі дзетсадаўцы, а найбольш крычала Манька.
Але засаромеўся Кастусь, за выхавацеля схаваўся.
– Ну, што ж вы напалохалі нашага казачніка! – прысароміў іх Васіль. – Працяг вас чакае пазней, а пакуль ціхая гадзіна, усім спаць!
Міканор ХОМАЧКА