Незабыўны настаўнік
Васіль Вітка быў тым чалавекам, які пастаянна падтрымліваў маладых аўтараў, дапамагаў ім паверыць у сябе.
Ссівелыя, аж да белізны, валасы, разумны пагляд з-пад акуляраў, кожнае слова як у размове, так і ў творах – узважанае, трапнае. Такім убачыў я пісьменніка сорак гадоў назад, у студзені 1971 года. Я вёў тады ўрокі мовы і літаратуры ў палескай школе і на зімовых канікулах павёз у “Вясёлку” свае апавяданні і казкі.
Звычайна мае творы добразычліва разбіраў Алесь Пальчэўскі, але на гэты раз у рэдакцыі застаў аднаго Васіля Вітку. Цімох Васільевіч, ведаючы, што я прыехаў здалёку, пасадзіў мяне насупраць і прапанаваў:
– Чытайце, што прывезлі!..
Я прачытаў адно апавяданне, другое, трэцяе. Цімох Васільевіч слухаў уважліва, не перабіваў. Калі я скончыў, запытаў:
– І ўсё?
Я зразумеў, што мае апавяданні не спадабаліся галоўнаму рэдактару, адчуў, як у адзін момант перахапіла ў горле, і ледзь вымавіў:
– Ёсць яшчэ дзве казкі.
– Чытайце, – зноў прапанаваў Цімох Васільевіч.
Першая казка называлася “Зайцава футра”. Я чытаў і бачыў, як мяняўся Цімох Васільевіч. Ён здымаў акуляры, праціраў шкельцы, твар ажывіўся. Затым сказаў упэўнена:
– Гэта лепшае, што вы прывезлі. Толькі чаму “Зайцава футра”? Футра – у лісы, мядзведзя, а ў зайца – кажушок. Так-так, кажушок. Падумайце: “Зайцаў кажушок”, – і аж прыцмокнуў языком, мусіць, ад гэтай сваёй знаходкі.
Я прачытаў і другую казку “Яблыня”. Яе таксама ўхваліў Цімох Васільевіч. Прапанаўваў дапрацаваць і прыслаць у рэдакцыю. І ўжо ў красавіцкім нумары “Вясёлкі” з’явіўся “Зайцаў кажушок”, а крыху пазней – “Яблыня”. Я паверыў, што магу быць пісьменнікам-казачнікам…
Даўно няма з намі шаноўнага Васіля Віткі, але памяць пра слаўнага пісьменніка і чалавека жыве. Яна ў яго творах, ва ўспамінах людзей, з якімі ён сустракаўся, у слаўных традыцыях часопіса “Вясёлка”.
Расціслаў Бензярук