Пра Цімоха і Арчыка
У суседнім доме жывуць: дзед Антось, кот Цімох і сабака Арчык. Я люблю хадзіць у госці да дзеда Антося, люблю слухаць яго казкі, назіраць за яго гадаванцамі: Арчык выконвае ўсе каманды дзеда, а Цімох болей спіць, толькі часам можа знікнуць на некалькі дзён. Дзед кажа: “Пайшоў на паляванне наш Цімох”.
Аднаго разу я стала сведкай такой гісторыі. Дзед Антось развесіў на галінках дрэў кавалачкі сала для сінічак. Разам з птушкамі ў двары з’явіўся Цімох. Я спалохалася: а што калі ён выйшаў на паляванне? І тут пачула звонкі голас Арчыка. Сабака брахаў на ката, нібыта сварыўся: “Ты што задумаў? Забыўся, чаму вучыў гаспадар? На чужы каравай рота не разявай”.
Цімох кінуўся прэч. А сінічкі з удзячнасцю штосьці шчабяталі Арчыку і частаваліся салам.
Насця Новік, г. Гродна