Вясёлая вада
Понедельник, 14.05.2018 09:42. Рубрика: Вершы
Усе на вуліцу гайда!
Там шумна коціцца вада.
Няма ёй часу адпачыць –
яна пяе, яна цурчыць.
Блішчыць пад вокнамі
ад ранку,
імчыць, бяжыць безперастанку
ля плоту, ганку,
па двары,
даўно сарваўшыся
з гары.
І не спыніўшыся
ля ног,
нясецца радасная ў лог.
Гудзе
і пеніцца званчэй
і разганяецца хутчэй
па баразне, па раўчуку…
І раптам плюхнецца ў раку.
Хоць ёй і весела яшчэ –
далей спакойна пацячэ.
Мар’ян ДУКСА