Маміна мама
Мама і тата Натальку з сабою на Чорнае мора не ўзялі. Паехалі адны загараць на пляжы, купацца ў салёнай вадзе. А Натальку завезлі ў вёску да мамінай мамы – бабы, значыць.
Паплакала Наталька, развітваючыся з мамаю і татам.
– Ды не плач ты, яны скоранька і прыедуць, – сказала баба. – Хадзем лепш я табе жывую загадку пакажу: тоўсценькі коцік ушчаміўся ў плоцік.
Знайшлі тую загадку. Пляцёнкаю ўскарабкаўся на плот гарбузнік. Вісяць на ім вялізны гарбуз і маленькі гарбузік.
Хутка Наталька забыла, што ў яе недзе ёсць мама і тата. Толькі раз успомніла, забедавала:
– Бабуля! Авой, авой… Мама і тата будуць салёныя?
– Паглядзім, – усміхнулася баба. – Прыедуць – лізнеш. А зараз сама знайдзі такую загадку: за сонцам ганяецца, а з месца не сыдзе.
Знайшла загадку Наталька толькі з бабінаю дапамогаю.
– Ды вось жа яна – сланечнік. Бачыш, куды ён глядзіць? У бок вуліцы, на сонца. А вечарам будзе за хлеў глядзець, на захад.
Праверыла вечарам Наталька – праўда. Ну і дзіва ж!
Месяц праляцеў вельмі хутка. У Наталькі было столькі спраў, што кожны вечар з ног валілася. Баба паіла яе цёплым малаком і несла на ложак.
Прыехалі мама і тата з мора забіраць Натальку ў горад. Глядзіць яна, а мама і не чорная, хоць у Чорным моры купалася: светла-карычневая. А вось тата і праўда чорны. Як цалаваліся, Наталька лізнула аднаго і другога. Не салёныя!
Развітвалася Наталька з бабаю і расплакалася. Але ехаць у горад трэба: у мамы і таты канчаўся водпуск.
Усю дарогу Наталька расказвала пра вёску, пра бабу і дзеда, пра тое, як раскрывалі яны розныя таямніцы, сакрэты, адгадвалі загадкі.
Вось і сёння паслухала па тэлевізары калыханку, а сон недзе заблудзіўся, не хоча прыходзіць.
– Мама, адгадай, дзе цукеркі растуць? – папыталася Наталька з таямніча-загадкавым выглядам.
– Ну дзе… Мо на фабрыцы?
– А от і не ведаеш! На калгасным полі! Мы з бабаю хадзілі палоць буракі. А яны цукровыя, салодкія, я лізала. З буракоў робяць цукар, а з цукру – цукеркі.
Потым Наталька паклікала тату і загадала яму загадку:
– Яблыні, вішні, грушы цвітуць, потым з кветак робяцца плады. Так?
– Ну, так, – згаджаецца тата.
– Бульба таксама цвіце, расце кусцікамі і цвіце. Думаеш, бульбінкі з кветак робяцца?
– Ну, мабыць жа, так, – знарок паціскае тата плячыма.
– Ой, тата! Бульба такая хітранькая! Кветкі зверху, а бульбінкі ў зямлю хаваюцца. От як!
– А вось булкі і хлеб у магазіне растуць, – усур’ёз кажа мама.
Наталька аж заходзіцца ад смеху.
– Не ашукаеш, не ашукаеш! Я табе загадку бабіну загадаю: хто пад сябе ўсё горне, але аддае людзям? Ага, не ведаеш! Камбайн, вось хто!.. Я на ім каталася, як дзеду абед насілі. Камбайн пад сябе каласкі падграбаў. А з каласкоў зярняткі вымалочваліся. З зярнятак робяць муку, з мукі цеста, з цеста булкі і хлеб.
– Якая ты ў нас малайчына! – пагладзіла мама Натальку па галаве. – На другое лета паедзеш да бабы?
– Паеду!
– І мы з табою паедзем. Нам сумна было без цябе.
Павел Місько