Як вясёлка пасля дажджу
Васіль Вітка надзвычай тонка разумеў дзіцячую псіхалогію, настрой сваіх чытачоў, ведаў, чым і як заінтрыгаваць іх, захапіць. Ён загаварыў з дзецьмі на мове такой жа непасрэднай, даверлівай і шчырай, як сама дзіцячая душа. Фарбы і гукі роднага слова зайгралі ў кожным яго радку, заззялі, “як вясёлка пасля дажджу”.
Сярод кніг Васіля Віткі асаблівае месца займаюць паэтычныя зборнікі “Чытанка-маляванка”, “Ладачкі-ладкі”, “Дом, у якім жывуць словы”. Менавіта ў іх аўтар пастараўся ажыццявіць сваю запаветную задуму: далучыць дзяцей да скарбаў народнай мовы. “Ёсць словы, якія хочацца бясконца паўтараць, – пісаў ён. – Яны самі завучваюцца, бо гэта вясёлыя словы, іх мы любім змалку”.
Лежань лежма ляжыць,
Седзень седзьма сядзіць,
Бягун бегма бяжыць,
Крыкун крыкма крычыць…
Нам, старэйшым, запомніліся ўрокі роднага слова, якія праводзіў Цімох Васільевіч на сваёй радзіме, у школах Случчыны. Іх глядзела па тэлебачанні ўся Беларусь. Паэт яшчэ раз красамоўна паказаў, што, валодаючы багатым слоўным набыткам, таямніцамі дзіцячай мовы, можна зрабіць не сумнымі, а сапраўды змястоўнымі і запамінальнымі нават урокі “сухой” матэматыкі.
У кожным кутку
У хаце па катку.
Кожны сядзіць
На траіх глядзіць.
Колькі куткоў
І колькі каткоў?
Такіх дасціпных твораў у Васіля Віткі шмат. “Мне больш за ўсё хацелася паказаць дзіцяці багацце і музыку народнага слова, – пісаў ён. – У калыханках, у гульнях-пацешках, лічылках, загадках, у каламбурах скорагаворак я шукаў той наіўнай веры ў цудадзейнае слова, якое ўласціва маленству. Як ніхто, дзіця ўпэўнена, што, ведаючы таямніцы слова, можна стаць усемагутным уладаром”.
Чытайце кнігі мудрага паэта-казачніка, паэта-настаўніка – і словы ў вашай мове таксама заззяюць ярка, як вясёлка пасля дажджу.
Мікола Чарняўскі