Прыгоды казкі
Буся, Вася Вясёлкін і Грошык вырашылі спытацца ў сваіх сяброў па ўсёй Беларусі хто галоўны ў казцы? Пісьменнікі ў адзін голас сказалі, што галоўныя дзеці, – для іх ствараецца і жыве казка. Дзеці напісалі, што галоўнае – гэта сяброўства, дзе няма падначаленых. Многія з чытачоў палюбілі галоўных герояў, пасябравалі з імі, намалявалі іх і даслалі ў рэдакцыю. А героі казак сказалі, што яны ніяк не могуць быць галоўнымі. Аўтар іх стварыў, а чытачы далі жыццё ў сваіх мроях і перажываннях.
Першы нумар “Вясёлкі” расказаў чытачам пра Завейку – гераіню казкі Леаніда Улашчанкі “Сон-трава”. На аснове гэтай казкі Буся, Вася Вясёлкін, Грошык хацелі высветліць за кім перамога ў казцы. А калі прыехалі да сваіх чытачоў у СШ № 11 г. Пінска, то ўсе іх планы пабурыліся. Гэта быў час калядаў, калі здараюцца сапраўдныя цуды. Незвычайнымі сюрпызамі парадавалі Васю Вясёлкіна і яго сяброў пінскія навучэнцы.
Дзеці, натхнёныя намеснікам дырэктара Людмілай Лявоцкай, так стараліся дапамагчы, што апыталі ўсіх герояў казак Леаніда Улашчанкі з кніжкі “Ножкі-сараканожкі”, запрасілі да сябе маленькіх суседзяў-дашкольнікаў, каб разам з імі павандраваць па казках. Вучні 3 “Б” класа пад кіраўніцтвам цудоўнага педагога Алы Кезь стварылі сваю незвычайную гісторыю, дзе ўсім героям Леаніда Улашчанкі знайшлося месца.
“Накалядавалі” Буся, Вася Вясёлкін і Грошык шмат: жарты, пытанні, малюнкі, абдымкі. Не атрымалася толькі высветліць – “Хто ж галоўны ў казцы?” Значыць эксперымент працягваецца. Наперадзе – новыя падарожжы і сустрэчы з казкай. Запрашайце літаратурных герояў у госці, каб яны маглі на свае вочы ўпэўніцца, што Вы дакладна ведаеце адказы на іх пытанні!
Радміла КАЗЛЯКЕВІЧ