Слёзы Рыгоркі
Вторник, 13.03.2018 08:17. Рубрика: Вершы
– Як жа прыкра, як жа горка! –
Тужыць папугай Рыгорка. –
Кепска, сумна ў нашай хаце:
З брацікам не дружыць брацік!
Данік з Дзімкам моцна б’юцца,
Аж чубы ў братоў трасуцца.
І ніхто не вінаваты –
Хоць ляці хутчэй ты з хаты!
Папугайчык спахмурнеў,
У маркоце змізарнеў,
Не спяваў і не лятаў,
Толькі слёзкі выціраў…
Так убачылі блазноты,
Да чаго вядзе ахвота
Біцца, абзываць, сварыцца,
Як чужыя людзі быццам.
Перасталі лезці ў бойку,
Пачалі гуляць з Рыгоркам,
Разам бегаць па падворку,
Коўзацца на санках з горкі.
Сталі добрымі сябрамі
На здзіўленне тату, маме…
Папугайчык акрыяў
Гучна ўсім ён заспяваў!
Алена МАСЦЕРАВА