Чароўны кошык
Лес дыхнуў ранішняй прахалодай. Навокал цыркалі, свісталі нябачныя лясныя жыхары.
– Стой! – раптам выгукнула ўнучцы бабуля. – Раздушыш!
Амаль пад Марынчынымі нагамі – тоўсценькі грыб з карычневым капялюшыкам.
– Добрая прыкмета – першым знайсці баравік. Кладзі ў свой кошык!
– Чаму? Ты ж яго знайшла.
– Чаму? А кошык у цябе які?
– Невялікі, лубяны.
– Чароўны ён. Калі з ім пасябраваць – дапаможа.
Але Марынка не пачула. Яе прывабіла палянка. Дзяўчынка нарвала кветак, гулялася з галінкай, падобнай да насатага дзеда, паела чарніц…
– Ну, унучка, хваліся!
Марынка зазірнула ў бабулін кош. Колькі грыбоў! А ў яе – адзін баравік!
– Пачакай, я ж не навучыла цябе чароўным словам. Нахіліся да кошыка і прашапчы: пад ялінкі і галінкі, пад лісточкі паглядай, усе грыбочкі пазбірай!
Марынка нясмела зашаптала. І раптам угледзела лісічку, а потым і цэлую сямейку. Дзяўчынка перабягала з месца на месца…
– Навучыў цябе кошык грыбы збіраць! Цуд! – пахваліла бабуля.
– Гэта ж не ён, а я пад кожную травінку, пад кожны лісток заглядвала. Цуды толькі ў казках бываюць! – засмяялася Марынка.
Дома Марынка і бабуля прыгатавалі вельмі смачную страву – смажаныя лісічкі са смятанай.
Тамара БУНТА
Прыгатуй разам з мамай і ты. Але паспяшайся – з пачаткам лістапада лісічак у лесе не знойдзеш.
1. Памый грыбы. Іх трэба парэзаць, але не вельмі дробна.
2. На 10-15 хвілін пастаў варыцца маладую бульбу.
3. Дробна парэж цыбулю. Яе трэба абсмажыць, дадаўшы дзве сталовыя лыжкі алею. Калі цыбулька стане залацістай, дадай лісічкі.
4. Дачакайся, калі вадкасць ад грыбоў выпарыцца і працягвай падсмажваць лісічкі 10-15 хв. Можаш пасаліць, але не злоўжывай.
5. Выкладзі смятану ў патэльню з грыбамі і працягвай гатаваць 10 хв.
6. Пакладзі смажаныя лісічкі на талерку з варанай бульбай. Дадай пятрушку, кроп. Можаш частаваць сям’ю.