Вася Вясёлкін запрашае ў Польшчу
На ўсходзе Польшча мяжуе з Беларуссю, на захадзе з Германіяй, на поўдні са Славакіяй, а яе паўночная частка амываецца Балтыйскім морам. Тэрыторыя краіны – трыста дванаццать тысяч шэсцьсот семдзесят кіламетраў. Па велічыні займае шэсцьдзясят дзявятае месца ў свеце і дзявятае ў Еўропе. Краіна падзелена на шаснаццаць ваяводстваў, яны ў сваю чаргу – на паветы і гміны. Сталіца Польшчы – Варшава, грошы – злоты. Вялікія гарады: Лодзь, Кракаў, Познань, Гданьск.
Сімвал Польшчы
Па легендзе, заснавальнік польскай дзяржавы Лях пабачыў у гняздзе высакароднага арла. Яму так спадабалася птушка, што яе выяву – як сімвал розуму, моцы і вынослівасці – ён размясціў на свой баявы сцяг. Пазней загадаў закласці горад, які атрымаў назву Гнезна. Цяпер выяву гэтай птушкі можна ўбачыць на польскіх злотых, на дзяржаўных сімвалах краіны.
Польскія святы
Польшча займае трэцяе месца ў свеце па колькасці святаў пасля Партугаліі і Славакіі. Галоўныя святы ў палякаў звязаны з рэлігійнымі падзеямі. Самае важнае — Раство Хрыстова. Традыцыйна за сталом збіраецца ўся сям’я, а для святочнай вячэры гаспадыня рыхтуе дванаццаць розных страў.
Санктуарыі
Большасць палякаў – католікі. На тэрыторыі Польшчы больш за дзвесце рэлігійных будынкаў, якія называюцца – санктуарыямі. Прысвечаны яны Дзеве Марыі. Яе цудатворная ікона альбо выява ёсць у кожным санктуарыі, побач знаходзяцца жыватворныя крыніцы. Самы вялікі санктуарый Ліхень змяшчае трыццаць тысяч вернікаў. Кажуць, што ў 1079 годзе, на Вялікдзень, тут з’явілася Божая Маці.
Старажытны замак
Рэзідэнцыя магістра вялікага Тэўтонскага ордэна – самы магутны замак на тэрыторыі Еўропы. Ён уражвае не толькі сваімі памерамі і веліччу, але і тым, што рыцары пабудавалі яго з сістэмай цэнтральнага абагрэву. І было гэта ў трынаццатым стагоддзі.
Жанчына-навуковец
У 1898 годзе Марыя Складоўская-Кюры і яе муж П’ер Кюры выдзелілі з уранавай руды хімічны элемент, які ў гонар сваёй радзімы назвалі палоніем. Палячка Марыя Складоўская-Кюры двойчы станавілася лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.
Прызавыя пытанні на веданне краіны-суседкі Польшчы шукайце ТУТ
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ