Страшны сон
Четверг, 8.06.2017 08:33. Рубрика: “Вясёлка” – 60, Вершы
А чаго ты, Косця,
Пабялеў?
– Костку… костку…
костачку
З вішняй з’еў.
І прысніўся Косцю
Сон:
Быццам бы не Косця,
А ўжо вішня ён.
І не можа Косця
Рот адкрыць,
І не можа Косця
Гаварыць.
Стаў ён каля дома
За вуглом:
Не пускаюць Косцю
Ў дом
З галлём.
Вунь ганяюць хлопцы
Звонкі мяч, –
Не пабегчы з імі,
Хоць ты плач.
Гром. Маланка. Лівень.
Гул вады.
Уцякаюць людзі
Хто куды.
І ляцяць каменьчыкі –
Проста жах!
Гэта б’юць з рагатак
Па суках.
Рэжа і ламае
Хтось галлё:
Бач, яму патрэбна
Пугаўё!
Ой, чыесьці зубы
Бок грызуць.
“Адганіце, людзі,
Ад мяне казуль!”
Тут прачнуўся Косця
У халодным поце
І ніяк не можа
Сон забыць.
Цяжка, вельмі цяжка
Вішняй быць.
(№ 8, жнівень 1975 г.)
Аляксей ПЫСІН