Мая Беларусь (працяг)
Мая Беларусь!
Гэтыя словы – не проста гукі.
Іх сэрца выкоўвае.
Яны – сумленне маё.
У іх – мае гонар і любоў.
З імі адкрываю візу
У краіны блізкія і далёкія.
Мая Беларусь!
Гэта еўрапейская краіна.
Тут жылі нашы
прашчуры, продкі.
Цяпер жывём Мы:
Я, Ты, Ён, Яна –
чарнявыя, бялявыя, русыя.
Усе разам – Беларусы.
Мая Беларусь!
Ты на арбіце
ўсіх краін Зямлі.
Твае сыны і дочкі ёсць
ва ўсіх куточках свету.
Ты гасцінная для тых,
хто цябе шануе і пестуе,
хто разумее і жадае росквіту.
Мая Беларусь!
Ты зведала шмат стагоддзяў.
Твой геній Янка Купала
напрарочыў табе вечнасць:
“У добрай долі і прыгодзе,
Радасны, шчаслівы,
Жыць ты будзеш у свабодзе,
Браце мой цярплівы”.
***
Званы маёй Беларусі.
Яны – звонкія, поклічныя, раздольныя –
бадзёраць прастору
над старымі і новымі храмамі.
Яны, галасістыя званочкі,
нястомна збіраюць дзяцей
на новыя ўрокі ведаў.
Вызвоньваюць свежы час
гадзіннікі на сівых замкавых вежах.
Кожная сям’я мае свайго будзьку –
электронны ці спружынавы будзільнік,
пеўня-спевака ці старую бабу,
якая можа не звесці вачэй,
каб унук не спазніўся ў школу.
Даўней званкі вешалі коням, каровам,
каб не згубіліся на пашы.
Цяпер у кожнага пры сабе –
мабільнік, планшэт, камп’ютар.
Мурожныя сенажаці абуджаюць
прывабныя кветачкі-званочкі.
Над палеткамі разносяць
свае трапяткія мелодыі
руплівыя жаўрукі-званары…
Усе, усе званы, званочкі
на вахце нашага жыцця.
Дык жа не праспім,
не прапусцім і не ўпусцім
залаты міг зямнога свята.
Ён – божы падарунак нам,
сёння, цяпер
і з кожным пульсам сэрца.
Дзінь-дзілінь-дзінь,
сустракай, маладая Беларусь,
свой новы дзень!
***
У беларускім алфавіце – 32 літары.
Ёсць адметныя, родныя,
якіх не знойдзеш анідзе ў свеце.
У нас сваё Ў нескладовае.
Яму ўстаноўлены помнік
у старажытным Полацку.
Наша Д лоўка сябруе
з літарамі З і Ж.
Згуртаваліся ў дружны джаз:
дж-дж-дж – звініць піла,
дз-дз-дз – гудзе пчала.
Дзівяцца дзеці з джаза, падпяваюць:
“Дзілі-джыня, дзілі-джан…”
У нас свае І і Ё
з кропачкамі-каронамі.
Ёсць нават Апостраф,
які раз’ядноўвае зычныя,
мірыць іх, робіць больш лагоднымі.
Вучоныя даказваюць,
што беларуская мова –
помнік стараславянскай гаворкі.
Толькі па аднаму гэтаму яе трэба берагчы.
А яшчэ наша мова –
музычная, меладычная, напеўная.
Дык вось жа чаму
праз многія стагоддзі
не закапаны ў зямлю
голас Беларусаў.
Давайце берагчы наш моўны скарб.
***
Сталіца Беларусі – Мінск
харашэе з году ў год.
Зазірае ў шэраг прыгажэйшых
гарадоў Еўропы.
А колькі ж разоў бурылі яго,
палілі, нішчылі, рабавалі?
У “Слове аб палку Ігаравым”
засведчана крывавая бітва ў Менску
так у даўніну называлася наша сталіца:
“На Нямізе снапы сцелюць галовамі,
малоцяць чапамі харалужнымі,
на таку жыццё кладуць,
веюць душу ад цела”.
А ў гады Айчыннай вайны
фашысты ў попел перацерлі Мінск.
Але горад узняўся, ажыў!
Адбудаваны цэнтр.
З “іголачкі” адштукаваны
Оперны тэатр, цырк, філармонія,
тэатр Янкі Купалы, Тэатр юнага гледача.
Праспект Незалежнасці ўпрыгожыла
ўнікальная Нацыянальная бібліятэка.
“З народам гутарку весці”
ўзыйшлі на бронзавыя пастаменты
нашы мудрыя асветнікі —
Францыск Скарына, Янка Купала,
Якуб Колас, Максім Багдановіч.
Мінск у арэоле мікрараёнаў —
Зялёны Луг, Каменная Горка,
Малінаўка, Сухарава, Чыжоўка,
Вяснянка, Шабаны,Уручча…
Квітней, мой Мінск!
Жыві ў вяках, на радасць і гонар усім дабрадзеям!
Уладзімір ЛІПСКІ
Вельмі прыгожа. змястоўна і жыццёва.Напісанае — сапраўдная асалода для душы. Вялікі дзякуй!