Усе фарбы “Вясёлкі”
Алег ЛУЦЭВІЧ (1924 – 2015) – беларускі графік, педагог. Супрацоўнічаў з “Вясёлкай” ад пачатку яе стварэння да канца 70-х гадоў.
Пад час вайны партызаніў. Быў сярод лепшых студэнтаў Сурыкаўскай мастацкай вучэльні. Янка Купала даводзіўся Алегу Вікенцьевічу раднёй: “…мой дзядзька расказваў, што Дамінік Луцэвіч разам з нашым сваяком арандавалі маёнтак. А звычайна ж разам арандавалі толькі родзічы… Нашы продкі, шляхціцы, якіх пазбавілі пасля паўстання 1863 года іх шляхецкага звання”. Прыходзіўся далёкім сваяком і Казіміру Малевічу, які быў яго любімым мастаком: “Усё лета на плошчы Якуба Коласа віселі яго рэпрадукцыі. Я кожны дзень там хадзіў і кожны дзень адкрываў для сябе нешта новае”.
Працаваў у Мастацкай вучэльні імя Глебава. Быў унікальным выкладчыкам. Яго вучань Ігар Бархаткоў успамінаў: “Да Луцэвіча траплялі хлопчыкі з глыбінкі, і праз год малявалі па-майстэрску. Ён быў такім настаўнікам, які мог з каго заўгодна зрабіць майстра”.
Алег Луцэвіч меў свой непаўторны стыль. Яго ілюстрацыі былі падкрэслена жывапіснымі, вызначаліся тонкім каларытам, гумарам, цеплынёй. Пазбягаў дэталізацыі: дзве-тры каляровыя плямы – і перад намі вясёлы хлопчык альбо смешны мядзведзік. Яго малюнкі вельмі любіў першы рэдактар “Вясёлкі” Васіль Вітка, таму многія творы паэта афармляў менавіта Луцэвіч.
Ілюстрацыі Алега Вікенцьевіча для “Вясёлкі” ўнікальныя яшчэ і тым, што гэта, па-сутнасці, адзіныя яго творы, якія захаваліся.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК