Крыўда
Апавяданне геолага
Прывык наш брыгадзір Васіль Піліпавіч да свайго Мурзы: куды сам, туда і сабаку бярэ. Паехалі мы ў экспедыцыю, і Мурза з намі. Назвалі сабаку так за беленькую пляму над вокам: быццам замурзаны.
Леташнюю зіму наша група геолагаў жыла ў вялікім сяле, і брыгадзір прывучыў Мурзу хадзіць кожнае раніцы ў краму прыносіць нам пакупкі.
Спачатку Васіль Піліпавіч разы тры схадзіў з ім сам, паказаў, дзе купляць, потым паслаў аднаго. Рабіў ён так: напіша запіску прадаўцу, што адпусціць, паложыць яе разам з грашыма ў сумку і дасць яе Мурзу. А каб сабака ведаў, што рабіць, пакажа пусты пачак ад цукру.
Мурза сказаць толькі не можа, а так усё разумее: раз пусты пачак, значыць, цукар патрэбен. І ахвотна бег у краму. За гэта і яму перападала то кавалачак цукру, то цукерка.
Імчыцца Мурза па вуліцы з сумкай у зубах і ні на каго не звяртае ўвагі. Сабакі з двароў заўважаць яго і аж захліпаюцца ад брэху, снег лапамі дзяруць, але Мурзу няма часу адказваць на кожны голас: у яго важнае даручэнне.
Так бегаў ён усю зіму і вясну. Улетку нас перавялі на новае месца шукаць скарбы зямлі. На гэты раз мы паставілі палаткі паблізу невялікага горада.
Надвячоркам брыгадзір пайшоў з Мурзам да новага крамніка знаёміцца. Купіў, што трэба, палажыў у сумку і даў Мурзу несці. Сам распытаў у прадаўца, калі адчынена крама, і сказаў, што будзе прысылаць сабаку.
Назаўтра Мурза збегаў у краму адзін.
Аднаго разу мы агледзеліся, што мала чаю і папярос, і надвячоркам паслалі Мурзу.
Даўно мінуў час вярнуцца пасланцу з пакупкамі, а яго ўсё не было.
–Ці не загінуў дзе? — занепакоіліся ўсе. — Трэба ісці шукаць.
I трое нас пайшлі ў гарадок пасля работы. Крама была зачынена, і даведацца пра Мурзу мы нічога не змаглі. Вярнуліся назад, леглі спаць, але сон нікога не браў: надта шкада было сабакі.
Настала раніца. Паснедалі без Мурзы і моўчкі пайшлі на работу. Пад абед пасланец прыбег да нашай вышкі з сумкай у зубах. Палажыў яе каля гаспадаровых ног і лёг на зямлю.
Развязаў Васіль Піліпавіч хусцінку, а там запіска ад сельскага прадаўца: колькі за што заплочана, і здача тры капейкі.
Брыгадзір так і ахнуў:
–Значыць, ты прабег сёння восемдзесят кіламетраў?!
Мурза толькі вільнуў хвастом.
Пазней мы даведаліся пра ўсё. Гарадскі прадавец адлучыўся з крамы ў кантору. Мурза пастаяў, пастаяў каля зачыненых дзвярэй і пабег у сяло да ранейшага прадаўца. Відаць, вырашыў: не вяртацца ж назад з пустою сумкаю. Але і туды не паспеў — краму зачынілі. Там перачакаў да раніцы і вярнуўся з пакупкамі.
Мы яго не толькі цукрам, але і добрым кавалкам мяса пачаставалі за такую службу.
Пасля гэтага пасылалі Мурзу ў краму толькі раніцай. I вось аднаго разу Мурза вярнуўся без нічога. Засмучаны, распластаўся ў палатцы на зямлі, палажыў на выцягнутыя лапы галаву і пазірае на нас спадылба. Клічам снедаць – не ідзе.
–Што, згубіў грошы? – жартуем. – Не бяда, з кожным можа быць такое.
Па снеданні Васіль Піліпавіч пайшоў у магазін да прадаўца. Той шчыра расказаў, як было. Узяў ён ад сабакі сумку, выняў грошы і падаў яму пустую. Хацеў паглядзець, што будзе рабіць Мурза. Сабака зірнуў у сумку і не ўзяў. Тады прадавец пачаў адпускаць іншых пакупнікоў, а Мурза цярпліва пастаяў яшчэ некалькі хвілін і, пакрыўджаны, пайшоў з крамы.
Вярнуўся брыгадзір з сумкаю і паказаў Мурзу пакупкі. Як віхор, усхапіўся сабака, завіляў хвастом ад радасці і кінуўся лашчыцца да гаспадара.
Назаўтра зноў паслалі Мурзу ў краму. На гэты раз ён ведаў, што рабіць. Прадавец дастаў грошы з сумкі, палажыў на прылавак, а сам пачаў чытаць запіску, што прадаць на іх. Тут Мурза адразу паклаў на грошы абедзве лапы.
Прадавец хацеў узяць і пералічыць грошы, але Мурза загірчэў. Гэта азначала: “Кладзі ў сумку пакупкі, возьмеш плату”.
І колькі разоў ні памыкаўся прадавец забраць грошы, Мурза не даваў.
Людзі абступілі, глядзяць, чым скончыцца.
–Ну што ж, калі ты такі недаверлівы, давай з рук у лапы абмяняемся, – засмяяўся прадавец і падаў сумку з пакупкамі.
Мурза спакойна ўзяў сумку ў зубы, зняў лапы з грошай, і толькі яго бачылі ў магазіне.
Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ