Як цюльпан чмяля ад дажджу выратаваў
Абудзіўся чмель ад зімовага сну, працёр вочкі касматымі лапкамі, глянуў у акенца дый абрадаваўся: “Вясна наступіла!”
Сонца цёпла свеціць. Нідзе снегу не відаць, адно туманок рэдзенькі па дробналессі плыве. Залацістымі зорачкамі падбел расцвіў, дзьмухавец угору жоўтую галоўку задраў, на сонейку грэецца.
На бярозцы весела сінічкі звіняць, па старой алешыне дзяцел грукае.
Над сажалкаю буслы кружацца.
Зайка белы кажушок на шэрую світку памяняў, зялёную траўку пад кусцікам скубе.
Вылез чмель з хаткі і да дзьмухаўца паляцеў. Той салодкім сокам напаіў яго.
Падзякаваў чмель за пачастунак і далей паляцеў.
Мінуў пясчаную выдму, на якой адзін чэзлы хвойнік на ўзлобках слаўся, праляцеў яшчэ крыху дый на грушу-дзічку апусціўся.
– Рана прыляцеў да мяне, чмель, – са скрухаю прамовіла груша-дзічка. – Мае кветкі яшчэ не распусціліся, яны ў пупышках схаваны.
Падляцеў чмель да фіялачкі, якая каля ракі на грудку расла. Абрадавалася кветачка нечаканаму госцю, заўсміхалася, салодкім сокам і мёдам пачаставала.
Лятаў чмель па лузе і не прыкмеціў, як шарэць пачало, пасыпаліся дробныя, як мак, дажджынкі. Вецер падзьмуў.
Крыльцы ў чмяля змоклі, стала цяжка ляцець. Спалохаўся чмель, што дадому не трапіць, ажно чуе:
– Ці далёка ляцець табе, чмель?
Глядзіць, ажно цюльпан каля сцяжынкі стаіць.
– А як жа, мілы, – адказвае яму чмель. – Дарога няблізкая.
– Тады ляці да мяне. Удваіх яно смялей будзе.
Сказаў так цюльпан, раскрыў сваю чашачку, а чмель і скочыў у яе. А як закрыўся цюльпан, чмель у стракатай хатцы без акон і без дзвярэй апынуўся.
Двойчы запар над цюльпанам татахнуў пярун. Усё, як днём, яркім святлом залівалі маланкі. Шалеў вецер. Сыпаўся і сыпаўся, нібы з прадранага меха, на зямлю дождж. А чмялю цёпла, утульна.
Пад раніцу навальніца аціхла. А як на балоце закігікалі кнігаўкі, а высока ў чыстым блакіце заспявалі жаўрукі, развітаўся чмель з цюльпанам, падзякаваў яму за дабрыню і шчырасць дый мядок збіраць паляцеў.
Янка ГАЛУБОВІЧ