Вершы Міколы Маляўкі
Воскресенье, 15.01.2017 07:22. Рубрика: Вершы
Заснула лета ў стозе
Паклікаў пагуляць
Вясёлы перапынак,
Страсаю іней я
З бярозавых галінак.
Даўно няма дажджу,
Заснула лета ў стозе,
Засыпаў снег, гляджу,
Буслянку на бярозе.
Пад вокнамі сумёт
Ад нашых ног паменшаў,
Травінка ўмерзла ў лёд,
Як залаты праменчык.
Маркоціцца не час,
Душа званком сагрэта,
І мы назад у клас,
Спяшаемся да лета.
Я – беларус маленькі
Я – беларус маленькі.
Дарос ужо да школы,
Як і бацькі сумленны,
Руплівы і вясёлы.
Я – беларус маленькі
З блакітнымі вачыма.
Хачу і я, каб лепей
Жыла мая Радзіма.