Маша і Даша
Четверг, 15.09.2016 07:24. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Наша Маша – на Нарачы. Упершыню ўбачыла возера, крычыць:
– Як многа вады!
Нарачанскае сонейка песціць яе твар. Цёплыя хвалі лашчаць яе ногі. Усё ўпершыню.
На пясчаны бераг яна прытэпала не загараць, не ляжаць, як дарослыя. Яна прынесла сюды вядзерца, лапатку, формачкі. Пячэ пясочнае пячэнне.
– Што ты робіш на Нарачы, Маша?
– Працую!
Знаёміцца з дзяўчынкай. Тая, на год старэйшая, кажа:
– Мяне завуць Дар’я. А цябе як?
– А я – Марыя!..
Хвалі Нарачы падхапілі Машыны словы і панеслі на той бераг, дзе раніцай узыходзіць сонца.
Уладзімір ЛІПСКІ